Грамадства

«Яна любіла жыццё». Памерла ўкраінская праваабаронца, якая дапамагала беларусам

14 верасня ў шпіталі памерла ўкраінская праваабаронца Аляксандра Дэлемянчук. У апошнія гады яна жыла ў Грузіі. Дэлемянчук дапамагала таксама і беларусам. Некаторыя з іх падзяліліся з «Радыё Свабода» ўспамінамі пра Аляксандру.

Аляксандра Дэлемянчук

Пра смерць Аляксандры Дэлемянчук паведаміла каманда шэлтара ў Тбілісі Tbilisi Shelter City. Дэлемянчук стварыла гэтую ініцыятыву ў 2016 годзе, яна ж кіравала шэлтарам. Ёй было 43 гады.

«Саша стварыла дом»

«Ёсць людзі, якія ствараюць арганізацыі. І ёсць тыя, хто стварае дом. Саша стварыла дом для дзясяткаў актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія ў нейкі момант засталіся без апоры, без бяспекі, без сіл працягваць. Яна знаходзіла іх у самую цёмную гадзіну і рабіла тое, што здаецца немагчымым: вяртала надзею там, дзе яе амаль не засталося», — напісалі пра Аляксандру яе паплечнікі.

У тбіліскім шэлтары спыняліся таксама беларусы.

«Шэлтар у Тбілісі прымаў беларусаў не раз. Мяне ў тым ліку. Яна ніколі не адмаўляла беларусам. Я не памятаю ніводнага выпадку, калі Саша ў нечым адмовіла. Яна шмат дапамагала беларусам. Апошні раз мы бачыліся ўлетку 2022 года. Пасля я не раз звярталася да яе па дапамогу для сваіх калег — усіх яна абагрэла. Гэта вельмі нечаканая і балючая страта», — кажа пра Аляксандру Дэлемянчук беларуская праваабаронца і заснавальніца рэабілітацыйнага цэнтра для ўкраінскіх вайскоўцаў у Кіеве Таццяна Гацура-Яворская.

Таццяна Гацура-Яворская

Былы кіраўнік фонду беларускай салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак адзначыў, што Аляксандра была сузаснавальніцай і актыўнай удзельніцай розных праектаў, у якіх бралі ўдзел таксама беларусы.

«Фокус яе працы і створанага ёй шэлтара тычыўся розных постсавецкіх рэгіёнаў: Цэнтральная Азія, Каўказ. Але ж і беларускі кірунак і падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці заўсёды была важнай для Сашы»,— каментуе Стрыжак.

Працавала з беларусамі і для беларусаў

Аляксандра Дэлемянчук скончыла ў Кіеве магістратуру па міжнародным праве. З 2005 па 2011 гады яна жыла ў Грузіі і працавала ў міжнародных і мясцовых грамадскіх арганізацыях. У тым ліку дакументавала злачынствы вайны 2008 года ў Грузіі.

Пазней працавала каардынатаркай міжнародных праграм у «Цэнтры грамадзянскіх свабод» у Кіеве. Гэты Цэнтр стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з Алесем Бяляцкім, старшынёй беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна», і расійскай арганізацыяй «Мемарыял» у 2022 годзе.

Дэлемянчук была сузаснавальніцай ініцыятывы «Еўрамайдан SOS», якая ўзнікла ў лістападзе 2013 года ва Украіне, каб аказваць бясплатную юрыдычную дапамогу пацярпелым падчас разгону Майдана.

Андрэй Стрыжак

«Наша знаёмства пачалося ў 2014 годзе, калі «Цэнтр грамадзянскіх свабод» быў актыўнай часткай Еўрамайдана. Я кароткі час быў валанцёрам гарачай лініі «Еўрамайдан SOS». Пазней мы перасякаліся на розных пляцоўках і ў розных кампаніях і маніторынгах, у тым ліку гаворка пра падтрымку працы ў зоне ваеннага канфлікту. Саша актыўна ўдзельнічала ў падтрымцы беларускай праваабарончай супольнасці пасля пратэстаў 2020 года», — успамінае супрацу з Аляксандрай Андрэй Стрыжак.

Дэлемянчук працавала таксама ў Беларусі, Арменіі, Азербайджане, Малдове, Казахстане, Непале. У 2011 годзе Аляксандра была прадстаўніцай Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй у Беларусі. У тым жа годзе яна ўдзельнічала ў Міжнароднай назіральнай місіі, якая аналізавала сітуацыю з правамі журналістаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

«Варта асобна адзначыць, што падчас падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня прадстаўнікі ўлады ў выглядзе міліцыі і АМАПа прымянялі сілу без разбору і супраць простых грамадзян, і супраць журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі», — адзначала тады Дэлемянчук.

Сустрэча ўкраінскіх актывістаў з Хілары Клінтан. Аляксандра Дэлемянчук першая злева ад Хілары Клінтан,2012 год. Архіўнае фота

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Аляксандра разам з 78‑гадовай маці пераехала ў Грузію. Праз год яе маці памерла.

«Яна любіла жыццё»

Таццяна Гацура-Яворская ўспамінае, што яны пазнаёміліся з Аляксандрай у Мінску.

«Я некуды падвозіла Сашу на просьбу іншай сяброўкі з праваабарончай тусоўкі. Саша раскрылася для мяне пазней як трэнерка. Гэта роля была яе каньком», — расказвае суразмоўца.

Таццяна адзначае, што ў Аляксандры быў няпросты характар.

«Яна сама гэта культывавала і падкрэслівала, што любіць калі яе называюць «Люцыфераўна». З аднаго боку, яна імкнулася стварыць такі жорсткі вобраз, а з другога — дапамагала людзям», — кажа праваабаронца.

На думку Андрэя Стрыжака, смерць Аляксандры нагадвае, што людзі, якія дапамагаюць іншым, «самі часта безабаронныя перад хваробамі, напружаннем, стрэсамі, якія яны перажываюць не толькі за сябе, але і за іншых людзей».

«Яна любіла жыццё ва ўсіх яго праявах, пра што любіла распавядаць смачна і яскрава, у тым ліку і ў вершаванай форме. Казала тое, што думае. Была крытычнай да шальмавання іншых людзей. Была жорсткай да тых, хто парушае правы чалавека. Праз яе характар да яе было складана быць абыякавым. Такія людзі і падабаюцца шмат каму і нажываюць сабе ворагаў», — ахарактарызаваў Аляксандру Андрэй Стрыжак.

«Сашы больш няма з намі, але ўсё, што яна пабудавала, усе людзі, якіх яна выратавала, вярнула да жыцця і веры ў тое, што дапамога магчымая, гэта тое, што застанецца», — напісалі ў развітальным слове калегі Аляксандры па тбіліскім шэлтары.

Апошні допіс у сацыяльных сетках Аляксандра Дэлемянчук пакінула за некалькі дзён да сваёй смерці і прысвяціла яго трагедыі 11 верасня 2001 года ў ЗША:

«Я стаяла каля гэтага мемарыялу і тады не асэнсоўвала, што 25 гадоў таму і пачалося ўсё тое дзярмо, з наступствамі якога мы дагэтуль не можам даць рады. Тады вайна здавалася вельмі далёкай, і вельмі тэлевізійнай. Я абсалютна не здагадвалася, як блізка яна падыдзе і задыхае на лоб. І ёсць адчуванне, што гэта далёка не канец. Адзінае, што нам застаецца, салодкія, берагчы сябе і сваіх блізкіх, данаціць на Узброеныя сілы Украіны і насалоджвацца вераснёўскім днём».

Развітанне з Аляксандрай Дэлемянчук і пахаванне пройдзе а 14‑й гадзіне 17 верасня ў Тбілісі па адрасе вуліца Атоці, 2Б.

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ5

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Усе навіны →
Усе навіны

Том Холанд стаў самым касавым акцёрам усіх часоў2

Армянскі пасол не вернецца ў Мінск, пакуль Лукашэнка не папросіць прабачэння1

У Рэчыцкім раёне сустрэча з ласём ператварыла BMW у кучу металалому

Санкцыі ЕС супраць Расіі ўдалося працягнуць усяго на тыдзень. Адзінства разбілася аб двух расійскіх алігархаў2

Беларуска некалькі месяцаў падманвала касы самаабслугоўвання ў краме3

18‑гадовага мінчука, які быў знік, знайшлі жывога2

YouTube зноў заблакаваў адзін з каналаў тэлеканала СТБ. Гэтым разам — проста падчас жывога эфіру16

Зяленскі выказаўся за энергетычнае перамір'е з Расіяй, але сумняецца, што яна будзе яго выконваць2

Мерц заявіў пра вырашальныя тыдні і месяцы ў супрацьстаянні з Расіяй4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ5

Стала вядомае імя другой беларускі, якая згінула пад селем у Непале. Гэта 24‑гадовая Ірына з журфака БДУ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць