У Сінгапуры запусцілі дзяржаўную праграму, якая заахвочвае людзей штодня чытаць кнігі. Такім чынам улады хочуць змагацца з «думскролінгам» — звычкай бясконца і бескантрольна гартаць сацыяльныя сеткі або стужкі навін. Акрамя таго, праграма павінна дапамагчы палепшыць канцэнтрацыю ўвагі і развіваць крытычнае мысленне, піша The Guardian.

Удзельнік можа рэгістраваць адзін сеанс чытання ў дзень працягласцю не менш за 15 хвілін. За кожны такі сеанс яму налічваюць 20 віртуальных манет. Пасля назапашвання 1000 манет, што адпавядае 50 дням чытання, іх можна абмяняць на адзін сінгапурскі даляр — прыкладна 80 цэнтаў ЗША.
Кіраўніца Нацыянальнай бібліятэчнай рады Меліса Там патлумачыла, што людзі жывуць у свеце велізарнай колькасці кантэнту, інфармацыі і разнастайных стымулаў. Паводле яе слоў, звычкі фармуюцца дзякуючы невялікім, але рэгулярным дзеянням, таму арганізатары пачынаюць з простай мэты — чытаць па 15 хвілін на дзень.
Урад Сінгапура ўсё больш шукае спосабы зменшыць негатыўны ўплыў сацыяльных сетак на моладзь. Сярод прапаноў — увядзенне штодзённага абмежавання часу, які можна праводзіць у сацыяльных сетках. Падставай для гэтага стала нядаўняе даследаванне, паводле якога найбольшую шкоду маладым людзям наносяць менавіта навязлівае прагляданне негатыўных навін і залежнасць ад сацыяльных сетак.
Пры гэтым сінгапурскія школьнікі дэманструюць вельмі высокія вынікі ў чытанні. Паводле апошняга даследавання PISA, 15‑гадовыя вучні Сінгапура занялі першае месца ў свеце па ўзроўні чытацкай пісьменнасці, апярэдзіўшы Кітай і Тайвань.
Фінансавыя стымулы для фармавання новых звычак у грамадзян для Сінгапура не з'яўляюцца навінкай. Раней улады прапаноўвалі жыхарам ваўчары ў супермаркеты за пешыя прагулкі, а таксама ўзнагароды за выкананне штодзённай нормы крокаў.
У жніўні ўрад Сінгапура таксама ўвёў пакет фінансавай падтрымкі сумай больш за 55 тысяч даляраў на кожнае дзіця ва ўзросце да 17 гадоў, а таксама пашырыў аплатныя адпачынкі для бацькоў і льготы на набыццё жылля.
Такія маштабныя меры звязаныя з дэмаграфічным крызісам у краіне. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў Сінгапуры знізіўся да гістарычнага мінімуму — 0,87 дзіцяці на адну жанчыну. У выніку краіна наблізілася да пераходу ў катэгорыю «звышстарых» грамадстваў.
Каментары