фота Аляксандра Шульгача, brestcity.com
У студзені Віцебскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі забараніў беларускую мову. Пра гэта даведаўся прадпрымальнік Яраслаў Манцэвіч, які вырашыў наладзіць у родным горадзе вытворчасць рысавых хлябцоў.

«У нашага прадпрыемства былі вольныя плошчы, таму мы закупілі лінію па вытворчасці хлябцоў з рысу, — расказвае Манцэвіч. — Партыі планаваліся дробныя, пра экспарт мы і не марылі, таму я вырашыў зрабіць этыкетку цалкам па-беларуску».
Дызайн беларускамоўных і расійскамоўных этыкетак Яраслаў замовіў у Віцебскай абласной друкарні, а потым панёс свае хлябцы на сертыфікацыю. На гэтым этапе ў прадпрымальніка ўзніклі праблемы:
«На гатовую прадукцыю з этыкеткай неабходна атрымаць дэкларацыю аб адпаведнасці. У Віцебску арганізацыя, акрэдытаваная Дзяржстандартам на выдачу такіх пасведчанняў, адна — Віцебскі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі гэта. Аднак яшчэ на этапе падачы дакументаў супрацоўнік цэнтра мне сказаў, што этыкетка па-беларуску не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза, паводле якога маркіроўка ўпакоўкі харчовай прадукцыі мусіць выконвацца па-расійску.
У цэнтры стандартызацыі мне паспачувалі, але дапамагчы не змаглі.
Сказалі толькі, што магу на свой страх і рызыку выпускаць хлябцы з незарэгітсраванай беларускамоўнай упакоўкай. Я, вядома, рабіць такое не стаў, бо штрафы за невыкананне тэхрэгламентаў велізарныя і вылічваюцца з сумы ўсяго рэалізаванага тавару. Хлябцы будзем прадаваць з расійскамоўнай этыкеткай, але сітуацыя вельмі абуральная».
Спачатку расійская, беларуская пасля
Спецыялісты спасылаліся на тэхнічны рэгламент Мытнага саюза 022/2011 «Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі». У дакуменце адзначана, што «маркіроўка ўпакаванай харчовай прадукцыі павінна павінна быць нанесена на расійскай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы — члена Мытнага саюза пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(аў) — члена(аў) Мытнага саюза». З дакумента вынікае, што без расійскай мовы на ўпакоўцы нікуды: спачатку яе, а потым ужо і беларускую, калі ёсць жаданне.
Аднак эксперт-аўдытар цэнтра Святлана Куксар патлумачыла, што ЦСМС увогуле не ўзгадняе маркіроўку харчовай прадукцыі — гэта адказнасць вытворцы ці пастаўшчыка. Таму вытворца мусіць сам сачыць за выкананнем… ТР МС 022/2011, які, на жаль, не дазваляе цалкам беларускамоўную ўпакоўку.
На пытанне ці ўсё ж магчыма ў Беларусі на законных падставах пісаць на таварах па-беларуску Куксар каротка адказала: «Мы тлумачыць стандарты не ўпаўнаважаныя. Раз тут напісана, што так павінна быць, значыць павінна так быць».
Дзяржстандарт дазваляе
Трэба заўважыць, што ТР МС 022/2011 пачаў дзейнічаць 1 ліпеня 2013 года. З той пары на беларускім рынку з'яўляліся прадукты з этыкеткамі па-беларуску. Пра праблемы з тэхрэгламентамі ніхто з вытворцаў не паведамляў. «Наша Ніва» звярнулася ў Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь «Дзяржстандарт» каб паставіць кропкі над і.
У адказе Дзяржстандарта за подпісам першага намесніка старшыні камітэта на спасылаецца не толькі на ТР МС, але і на Канстытуцыю Беларусі, закон «Аб мовах», закон «Аб ахове правоў спажыўцоў» і СТБ 1100-2007, якія ўсё ж даюць беларусам права карыстацца беларускай мовай у афармленні харчовых тавараў.
«Такім чынам, на думку Дзяржстандарта, маркіроўка прадукцыі пры яе рэалізацыі выключна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь можа ажыццяўляцца толькі на беларускай мове», — гаворыцца ў рэзалютыўнай частцы адказу.
Выходзіць, што беларускамоўная ўпакоўка не забароненая, а работнікі Віцебскага ЦСМС ці вырашылі перастрахавацца, ці дрэнна разбіраюцца ў сваёй працы. Хоць фармулёўка «на думку Дзяржстандарта» таксама гучыць дзіўна: хацелася б, каб такая сур'ёзная арганізацыя не думала, а ведала дакладна.
А вытворцам і спажыўцам застаецца спадзявацца, што думкі акрэдытаваных Дзяржстандартам беларускіх стандартызатараў будуць супадаць з думкамі самога Дзяржстандарта, і законнае права беларусаў карыстацца беларускай мовай не будзе абмежавана.
Каментары