Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай, слуцкія паясы і сані Напалеона
Мінкульт стварыў спіс прадметаў культуры, якія зніклі падчас вайны.

Пералік культурных каштоўнасцей, перамешчаных з тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і якія падлягаюць вяртанню, быў створаны па ініцыятыве Генпракуратуры.
У спіс уключылі 694 прадметы культуры. Сярод іх — іконы, карціны, кнігі, скульптуры, а таксама іншыя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.
У пералік уключаны, напрыклад, згублены арыгінальны Крыж Ефрасінні Полацкай, выраблены ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам.
Таксама Генпракуратура прапануе вярнуць у краіну слуцкія паясы, якія прызнаныя нацыянальнай рэліквіяй і гістарычным культурным сімвалам, — у Беларусі захаваліся адзінкавыя асобнікі і фрагменты такіх паясоў. Ёсць у пераліку і такія рэліквіі, як ключы Магілёва, сані Напалеона Банапарта і булава караля Жыгімонта III.
Спіс не канчатковы — Мінкульт працягне працу па ацэнцы і рэпатрыяцыі згубленых культурных рэліквій.
У Генпракуратуры лічаць, што прадметы знаходзяцца ў шэрагу замежных дзяржаў — у іх ліку называюцца ЗША, Ізраіль, Украіна, Польшча і іншыя. Прадметы культурнай спадчыны Беларусі могуць знаходзіцца як у музеях, так і прыватных калекцыях.
У 2024 годзе ў музеях, бібліятэках і архівах Беларусі арганізавана рэвізія, мэта якой выявіць страчаныя культурныя каштоўнасці перыяду Другой сусветнай.
У верасні 2024 года старшыня экспертнай групы прадставіў справаздачу аб выяўленні новых сямі тысяч экспанатаў з ліку культурных каштоўнасцяў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Паведамляецца, што Міністэрства замежных спраў арганізавала адпаведную працу па лініі міжнароднага супрацоўніцтва.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары