Здароўе

Ці праўда, што з гадамі чалавек пачынае пахнуць інакш? Вось што кажа навука

З узростам пах цела сапраўды мяняецца — прычым гэтыя змены могуць пачынацца ўжо пасля 40 гадоў. Адкуль бярэцца так званы «пах старасці», ці можна ад яго пазбавіцца і ці сапраўды ён такі непрыемны, як прынята лічыць, тлумачыць The Guardian.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Наша Ніва

Прычына змены паху з узростам — у натуральных хімічных працэсах, якія адбываюцца ў скуры.

Як піша The Guardian, навукоўцы нават вызначылі адно з рэчываў, адказных за характэрны ўзроставы пах. Яно ўтвараецца пры акісленні і распадзе пэўных скурных тлушчаў і называецца 2-ноненаль. І гэта абсалютна натуральная і непазбежная змена.

Адкуль бярэцца гэты пах

Як тлумачаць эксперты, скура чалавека пакрытая тонкім слоем натуральных тлушчаў — ліпідаў. Яны дапамагаюць ёй заставацца мяккай, абараняюць ад страты вільгаці і ўздзеяння навакольнага асяроддзя.

У склад ліпідаў уваходзяць тлустыя кіслоты. З узростам іх склад мяняецца, а здольнасць скуры супрацьстаяць штодзённым пашкоджанням паступова зніжаецца. Скурныя тлушчы становяцца больш уразлівымі да акіслення. Калі яны распадаюцца, утвараецца ў тым ліку 2‑ноненаль — рэчыва з характэрным пахам.

Пры гэтым колькасць 2‑ноненалю ў розных людзей адрозніваецца. Навукоўцы пакуль дакладна не ведаюць, чаму ў адных яго пах адчуваецца мацней, чым у іншых. На гэта могуць уплываць склад скурнага тлушчу, генетыка, мікрабіём скуры, гігіенічныя звычкі, адзенне, стан здароўя і навакольнае асяроддзе.

Пачынаецца не ў старасці

Самае цікавае, што звязаныя з узростам змены паху могуць пачынацца тады, калі чалавек яшчэ зусім не лічыць сябе старым.

У адным з даследаванняў, падчас якога навукоўцы вывучалі скуру людзей ва ўзросце ад 26 да 75 гадоў, 2‑ноненаль быў выяўлены ў людзей ад узросту 40 гадоў.

Аднак гэта зусім не значыць, што чалавек раптам у адзін дзень пачынае пахнуць інакш. Даследаванні паказваюць, што колькасць 2‑ноненалю павялічваецца паступова з узростам, асабліва пасля сярэдніх гадоў.

Ды і ўвогуле, ўласны характэрны пах маюць людзі ўсіх узростаў. У немаўлятаў пах адносна салодкі і малочны, бо іх пахавыя залозы яшчэ не працуюць так, як у дарослых. Палавое паспяванне істотна мяняе сітуацыю, бо гармоны спрыяюць з'яўленню больш моцнага, мускуснага паху.

У дарослым узросце пах становіцца больш стабільным і ў значнай ступені залежыць ад поту і ладу жыцця. А пазней да гэтага дадаюцца змены ў натуральных тлушчах скуры.

А ці сапраўды пах пажылых людзей непрыемны?

Як адзначаюць эксперты, любыя негатыўныя пачуцці, якія людзі адчуваюць у адносінах да «паху пажылых», — гэта хутчэй праблема ўспрымання, а не рэальнасці.

У 2012 годзе даследчыкі правялі незвычайны эксперымент. Яны папрасілі 41 маладога чалавека панюхаць майкі, якія насілі прадстаўнікі трох узроставых груп: ад 20 да 30 гадоў, ад 45 да 55 і ад 75 да 95 гадоў. Удзельнікі не ведалі, каму належала тое ці іншае адзенне.

Каманда навукоўцаў была здзіўлена вынікамі. Яны меркавалі, што пах будзе змяняцца лінейна: самая маладая група атрымае найлепшыя адзнакі, а старэйшая — найгоршыя, але гэта аказалася не так.

«Пажылыя людзі маюць выразна адрозны пах цела, але яго не ацэньвалі як асабліва негатыўны», — адзначаюць аўтары.

Ці можна пазбавіцца ад 2-ноненалю

Эксперты кажуць, што спыніць утварэнне 2‑ноненалю немагчыма. Але існуюць спосабы, як кантраляваць гэты водар.

Выдаліць частку рэчываў, якія ствараюць пах, дапаможа рэгулярнае мыццё. Аднак мыла і вада не выдаляць хімічнае злучэнне цалкам, бо яно не проста знаходзіцца на паверхні скуры, як пот, а выпрацоўваецца бесперапынна. Дэзадаранты могуць часова маскіраваць пах, але сам 2‑ноненаль яны не выдаляюць.

Мае значэнне і навакольнае асяроддзе. Рэгулярнае мыццё адзення і пасцельнай бялізны, а таксама праветрыванне памяшканняў дапамагаюць не даваць паху назапашвацца. Пры гэтым 2‑ноненаль можа даволі ўстойліва захоўвацца на тканінах.

У продажы можна сустрэць і спецыяльныя сродкі, якія нібыта нейтралізуюць 2-ноненаль, напрыклад мыла з экстрактам хурмы. Ёсць людзі, якія сцвярджаюць, што такія сродкі дапамагаюць, але пераканаўчых навуковых доказаў іх эфектыўнасці пакуль недастаткова.

А ежа і лад жыцця?

Эксперты, з якімі размаўлялі журналісты выдання, мяркуюць, што паміж утварэннем 2-ноненалю, харчаваннем і ладам жыцця можа існаваць сувязь. Аднак для дакладных высноў патрэбныя дадатковыя даследаванні.

Паколькі рэчыва ўзнікае ў выніку акіслення, лагічна звярнуць увагу на фактары, якія ўплываюць на акісляльны стрэс. Эксперты раяць ужываць прадукты, багатыя на антыаксіданты, у тым ліку садавіну і гародніну, а таксама крыніцы вітамінаў С і Е.

Адмова ад курэння і абарона скуры ад празмернага сонечнага выпраменьвання таксама карысныя для запавольвання працэсаў, звязаных з акісленнем.

Але спецыялісты не раяць ператвараць барацьбу з «пахам старасці» ў асобную праблему і траціць вялікія грошы на спецыяльную касметыку.

Змена паху цела — такая ж натуральная частка старэння, як змяненне скуры ці валасоў. І навуковыя эксперыменты паказваюць, што навакольныя зусім не абавязкова ўспрымаюць гэты пах так негатыўна, як прымушае думаць стэрэатып.

Каментары

Цяпер чытаюць

Па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі затрымалі хакейнага суддзю Аляксея Гаўрылёнка6

Па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі затрымалі хакейнага суддзю Аляксея Гаўрылёнка

Усе навіны →
Усе навіны

Расія масавана атакавала некалькі гарадоў Украіны: ёсць ахвяры і разбурэнні1

У Вільні адкрылі незвычайны помнік Жыгімонту Аўгусту і Барбары Радзівіл, чыё рамантычнае каханне скончылася трагічна21

Пуцін пагражае Еўропе вайной у выпадку ўводу еўрапейскіх войскаў ва Украіну9

Як «разумныя тэлевізары» сочаць за гледачамі — вынікі новага расследавання3

Зміцер Дашкевіч: У выгнанні я валацуга, але маю тое, чаго цяпер не было б для мяне ў Беларусі — магчымасць прыносіць Госпаду плод17

Прыкладна палова людзей, якія выжылі пасля тэрактаў 11 верасня, захварэла на рак3

У Францыі зноў абвастрылася спрэчка вакол карціны Марка Шагала пад столлю Парыжскай оперы2

У Нью-Ёрку аднавілі Вежы-блізняты ў натуральную велічыню з дапамогай 2977 дронаў — па колькасці ахвяр тэракта 11 верасня2

«Эвалюцыя закончылася». Шрайбман раскрытыкаваў Ціханоўскую за нязменнасць наратываў73

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі затрымалі хакейнага суддзю Аляксея Гаўрылёнка6

Па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі затрымалі хакейнага суддзю Аляксея Гаўрылёнка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць