У Брэсце плануюць стварыць новы парк у мікрараёне Дуброўка — у лясным масіве паміж Беларускай вуліцай, завулкам Сасновым і VIII фортам, паведамляе БелТА.

Сёлета тут правядуць падрыхтоўчыя работы: камунальныя службы выдаляць інвазійныя расліны і сухастойныя дрэвы, прыбяруць смецце. Паралельна спецыялісты распрацоўваюць перадпраектную дакументацыю.
Месца ўжо цяпер папулярнае сярод мясцовых жыхароў: па лесе пратаптаныя сцежкі. У будучыні тут хочуць стварыць вялікі парк з дзіцячымі гульнявымі і спартыўнымі зонамі, месцамі для прагулак, пешаходнымі сувязямі і асвятленнем.
Побач знаходзіцца VIII форт, а непадалёк плануецца новая жылая забудова. Таму, па словах старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргея Лабадзінскага, пасля ўпарадкавання гэта павінна стаць прыемным месцам для адпачынку.
Рэалізаваць праект плануюць у найбліжэйшыя гады. Работы праводзяцца ў межах агульнага ўпарадкавання Брэста, якое працягваецца з 5 верасня да 6 лістапада.
Каментары