Беларускі студэнт стварыў робапавука з функцыяй начнога бачання
Студэнт БДУІР Ягор Кляпацкі стварыў робата-павука, які можа выкарыстоўвацца для пошуку і выратавання людзей. Робат мае функцыю начнога бачання і здольны працаваць у складаных умовах, паведамляе БелТА.

Для маладога вынаходніка гэта ўжо не першы робат, якога ён спраектаваў і ўвасобіў у рэальнасці. Яшчэ ў школьныя гады Ягор прыдумаў і пабудаваў робата-гуманоіда Тайрона. Яго планавалі выкарыстоўваць як персанальнага галасавога памочніка. Робат меў аранжавы колер і быў ростам 1,75 метра.

Цяпер, паводле задумы Кляпацкага, Тайрон можа выконваць розныя функцыі — напрыклад, працаваць настаўнікам, ахоўнікам або супрацоўнікам музея. Ён абсталяваны відэакамерай, дынамікам і мікрафонам для зносін з людзьмі.
Пазней у вынаходніка з'явілася ідэя стварыць робата меншага памеру, але з больш шырокімі магчымасцямі. Так з'явіўся яго другі стартап-праект — робат-павук Онікс памерам прыкладна 27 на 40 сантыметраў.
Онікс можа самастойна перамяшчацца і арыентавацца ў прасторы дзякуючы розным датчыкам. Ён таксама мае дзве камеры з функцыяй начнога бачання.
Робат можа выкарыстоўвацца для пошуку людзей пад заваламі, а таксама на хімічных прадпрыемствах. Ён здольны выяўляць і аналізаваць узровень забруджвання і папярэджваць аператараў пра магчымыя выцекі небяспечных рэчываў.
Для сувязі аўтаномнаму робату-павуку патрэбны толькі Wi-Fi. Вынаходнік не выключае, што ў будучыні Онікс могуць пачаць вырабляць серыйна і пастаўляць на прадпрыемствы Беларусі і іншых краін СНД. Паводле яго слоў, патэнцыйна зацікаўленыя прадпрыемствы ўжо ёсць.
Каментары