Арменія можа пачаць купляць газ у былых ворагаў. І няважна, што ў Расіі танней
Арменія можа пачаць купляць газ не толькі ў Расіі, але і ў Азербайджана, Ірана ці Турцыі. Пра гэта заявіў сакратар Рады бяспекі Арменіі Ален Сіманян, адказваючы на пытанне пра магчымы рост цэн на расійскі газ.

Паводле слоў армянскага чыноўніка, Ерэван не хоча проста замяніць залежнасць ад адной краіны залежнасцю ад іншай. Арменія мае намер шукаць альтэрнатыўныя крыніцы і захоўваць баланс у пытаннях эканамічнай бяспекі.
«Мы маем намер купляць газ адусюль, адкуль гэта магчыма. Калі Расія будзе пастаўляць нам газ — будзем купляць у Расіі, калі будзе пастаўляць Азербайджан — будзем купляць у Азербайджана, калі Іран — у Ірана. Калі з'явіцца магчымасць купляць газ дзе-небудзь у Турцыі, будзем адначасова купляць і ў яе. Хто сказаў, што трэба выйсці з адной кішэні і скокнуць у другую?» — сказаў Сіманян.
На заўвагу, што расійскі газ абыходзіцца Арменіі танней, сакратар Рады бяспекі заявіў, што ў гэтым выпадку паліва выкарыстоўваецца як «палітычная валюта». Ён паставіў пад сумнеў тое, што кошт газу можна ацэньваць толькі ў грашах:
«А хто сказаў, што газ каштуе танней? А хто сказаў, што кошт газу вымяраецца толькі ў далярах?»
Раней прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што Ерэван будзе шукаць альтэрнатыву расійскаму газу незалежна ад яго кошту. Паводле яго слоў, гэта звязана з палітычным рашэннем Арменіі развіваць незалежнасць і дзяржаўнасць.
Каментары