Свет

Нямецкага футбаліста атруціў яго аднаклубнік. Магчыма, праз рэўнасць

30‑гадовы Філіп Л. вярнуўся з традыцыйнай паслясезоннай паездкі футбольнага клуба і раптоўна памёр. Спачатку падазравалі звычайнае харчовае атручванне, але эксперты высветлілі, што мужчыну атруцілі. Больш чым праз год паліцыя затрымала яго 35‑гадовага аднаклубніка. Што адбылося паміж двума футбалістамі і навошта аднаму з іх спатрэбілася забіраць жыццё ў другога?

Філіп Л., які памёр ад атручвання, і яго аднаклубнік Марыус В., якога падазраюць у забойстве. Калаж. Фота: tusrockenberg / Facebook; rockenberg-fussball.de

У сярэдзіне чэрвеня 2025 года гульцы аматарскага футбольнага клуба TuS 1912 Rockenberg, які выступае ў Крайслізе — восьмым дывізіёне нямецкага футбола, адправіліся ў традыцыйную паслясезонную паездку ў Дрэздэн. У праграме былі экскурсіі, вольны час і паход па Саксонскай Швейцарыі. На пятніцу былі запланаваныя культурная праграма і вольны час, на суботу — паход па Саксонскай Швейцарыі з вяртаннем па Эльбе, а ў нядзелю ўсе павінны былі раз'ехацца па дамах.

Сярод удзельнікаў быў 30‑гадовы Філіп Л., які гуляў за каманду з дзяцінства і за гэты час паспеў пабыць і брамнікам, і абаронцам, і нападнікам. Як згадваюць аднаклубнікі, ужо падчас вандроўкі Філіп адчуваў сябе не вельмі добра. Пасля вяртання дамоў у нядзелю яго стан рэзка пагоршыўся. Сям'я выклікала хуткую. Філіпа даставілі ў бальніцу, але выратаваць не змаглі. 16 чэрвеня, за некалькі дзён да свайго 31‑га дня нараджэння, мужчына памёр.

Спачатку смерць не выглядала крымінальнай. У атачэнні Філіпа меркавалі, што мужчына мог атруціцца рыбай, якую еў падчас паездкі. Аднак яе елі і іншыя члены каманды.

Пракуратура пачала высвятляць прычыну смерці. Пасля ўскрыцця спатрэбіліся складаныя таксікалагічныя даследаванні, і праз некалькі месяцаў высветлілася: Філіп памёр ад сэптычнай паліорганнай недастатковасці, выкліканай атручваннем.

Што гэта быў за яд, не паведамляюць дагэтуль. Пракуратура і паліцыя свядома не раскрываюць ні назвы рэчыва, ні таго, якім чынам яно магло трапіць у арганізм Філіпа, ні іншых падрабязнасцяў меркаванага злачынства. Улады тлумачаць гэта інтарэсамі следства: такая інфармацыя можа мець значэнне для далейшага расследавання. Саму справу пракурор называе выключнай, бо забойствы з выкарыстаннем яду ў Германіі здараюцца вельмі рэдка.

Падазраваны — партнёр па камандзе

Паступова ў цэнтры расследавання апынуўся Марыус В. Паліцыя апытала вялікую колькасць сведкаў і асабліва старанна вывучала адносіны паміж ім і загінулым. Урэшце следчыя западозрылі, што Філіпа атруцілі наўмысна, а яд яму мог таемна даць Марыус падчас паездкі ў Дрэздэн.

1 верасня 2026 года, больш чым праз чатырнаццаць месяцаў пасля смерці Філіпа, 35‑гадовага Марыуса затрымалі. Да аперацыі прыцягнулі спецпадраздзяленне паліцыі. Адначасова прайшлі ператрусы дома ў падазраванага і на яго працы.

Футбол для Марыуса, як і для астатніх гульцоў гэтага аматарскага клуба, не быў прафесіяй: ён працаваў у гарадской адміністрацыі Нідаталя і займаўся пытаннямі грантаў і субсідый. Таму паліцыянты прыйшлі і ў ратушу. Былі канфіскаваныя тэлефон, камп'ютар і іншыя носьбіты інфармацыі; следчых таксама цікавілі магчымыя сляды атрутнага рэчыва.

Пасля затрымання суд адправіў Марыуса ў СІЗА. Раней ён не быў судзімы, а цяпер скарыстаўся правам захоўваць маўчанне і паказанняў не дае.

Навошта атручваць?

Галоўнае пытанне ў гэтай гісторыі — навошта Марыусу магло спатрэбіцца забіваць свайго аднаклубніка. Пракуратура гаворыць пра асабістую помсту, але за што менавіта Марыус мог помсціць Філіпу, не раскрывае.

Нямецкія СМІ спрабуюць даведацца магчымую прычыну. Hessenschau са спасылкай на ўласную інфармацыю называе магчымым матывам рэўнасць. У Рокенбургу, як паведамляе мясцовая прэса, ходзяць чуткі, што паміж мужчынамі мог быць канфлікт з-за жанчыны. Афіцыйна гэта не пацверджана.

Дадатковую інтрыгу стварае тое, што на момант арышту Марыус рыхтаваўся да вясельнай урачыстасці, якая, паводле RTL, была запланаваная на сярэдзіну верасня. Пры гэтым няма звестак, што жанчына, з якой мог быць звязаны меркаваны канфлікт, была яго нявестай.

Цяпер следчыя вывучаюць канфіскаваныя электронныя носьбіты і плануюць новыя допыты сведкаў, каб высветліць усе абставіны і матыў меркаванага злачынства. Пракурор падкрэслівае, што расследаванне пакуль «у самым пачатку».

Марыус В. застаецца падазраваным. Калі справа дойдзе да абвінавачання ў забойстве і суд прызнае яго вінаватым, мужчыну можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.

Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»1

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі спартсмен і яго спадарожніца сфатаграваліся ў Амане вярхом на вялікай чарапасе. Скончылася скандалам9

Расійскі беспілотнік ударыў у Кіеве па будынку Нацыянальнай акадэміі навук1

У Беларусі не працуе галоўная біржа грузаперавозак. Яе серверы стаялі ў Кіеве, куды цяпер б'е Расія3

Былога ідэолага Адміністрацыі прызначылі кіраўніком Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў3

Пяцярых каліноўцаў завочна асудзілі на 12 і 20 гадоў4

Лукашэнка аб прызначэнні генерала Муравейкі: Гэта мой асабісты выбар, мне трэба альтэрнатыўны погляд на сілавікоў22

Чатыры гады таму закрылі Чырвоны касцёл5

Новы начальнік Генштаба, старшыня Дзяржстандарту, кіраўнікі раёнаў — кадравыя прызначэнні2

Прызначаны новы міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»1

Арыштаваны міністр прыродных рэсурсаў выбраў «стратэгію Брыло»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць