Грамадства4949

Ціханоўская: Калі будуць свабодныя выбары, я ў іх удзельнічаць не буду. Але цяпер не час канкураваць

Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская заклікае еўрапейскіх партнёраў да стратэгічнай цвёрдасці ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. У размове з LRT.lt яна падкрэсліла неабходнасць захавання санкцыйнага ціску, выказалася пра ціск на краіны рэгіёна ў пытанні транзіту калійных угнаенняў і пракаментавала меркаванне пра нібыта страчаны мандат свайго лідарства.

Святлана Ціханоўская. Фота: офіс палітыка

— Апошнім часам паміж ЗША і беларускім рэжымам завязаўся нейкі дыялог: у абмен на вызваленне палітычных зняволеных Вашынгтон адмяніў некаторыя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Можа, вы можаце падзяліцца сваёй ацэнкай, якая матывацыя прымушае Вашынгтон і Мінск ісці на гэты дыялог?

— Найперш хачу сказаць, што мы вельмі ўдзячны амерыканскім партнёрам за намаганні па вызваленні палітычных зняволеных, бо гэта людзі, якія сядзелі не адзін год. На дадзены момант мы маем дадзеныя пра прыкладна 800 палітычных зняволеных, якія не вызвалены, але рэальная лічба большая. За год было вызвалена каля 500 зняволеных.

Мэты адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі розныя. Адміністрацыя Дональда Трампа зацікаўлена ў гуманітарным аспекце. Як вы ведаеце, спецыяльны пасланнік Джон Коўл вельмі ўцягнуты ў працэс вызвалення палітычных зняволеных — для іх гэта гуманітарная місія. Я бязмежна ўдзячна прэзідэнту Дональду Трампу, які публічна патрабуе вызваліць палітычных заложнікаў — так ён вельмі правільна называе зняволеных у Беларусі людзей.

Па-першае, для Аляксандра Лукашэнкі гэты працэс — спосаб паказаць свету: «Паглядзіце, я не ізгой, сам амерыканскі прэзідэнт са мной размаўляе». Па-другое, ён імкнецца як мага даражэй прадаць палітычных зняволеных.

Гэта паказвае, што санкцыі працуюць, рэжым Аляксандра Лукашэнкі цярпіць з-за санкцый і з-за гэтага вельмі хоча іх адмены. Толькі я хачу падкрэсліць, што Аляксандр Лукашэнка не вызваляе палітычных зняволеных — гэта больш прымусовая дэпартацыя.

У любым выпадку, вызваленне палітычных зняволеных — гэта сумесны вынік амерыканскай дыпламатыі і моцнай, цвёрдай, прынцыповай пазіцыі Еўрапейскага Саюза. Без гэтай моцнай пазіцыі, якая доўжыцца шэсць гадоў, Аляксандр Лукашэнка не меў бы матывацыі вызваляць палітычных зняволеных.

У той час як амерыканцы прыкладаюць намаганні для вызвалення людзей, мы просім Еўропу захаваць моцную, прынцыповую пазіцыю, не пачынаць камунікаваць пра адмену санкцый. Зараз не час для гэтага.

Беларускае пытанне звязана не толькі з гуманітарнай місіяй, гэта звязана і з бяспекай, з вайной ва Украіне і выкарыстаннем беларускай тэрыторыі для запалохвання суседзяў.

Таму мы прапануем такую формулу, што амерыканскія санкцыі могуць выкарыстоўвацца з мэтай вызвалення палітычных зняволеных, а санкцыі Еўрапейскага Саюза — з мэтай вызвалення самой краіны, каб у Беларусі адбыліся незваротныя сістэмныя змены.

Падумайце, нават калі будуць вызвалены ўсе палітычныя зняволеныя, а Аляксандр Лукашэнка застанецца, у Літву будуць ляцець шары, каля меж будуць збірацца мігранты, з беларускай тэрыторыі будзе ісці пагроза ядзернай зброяй ці «Іскандэрамі». Значыць, пагроза з боку Беларусі нікуды не знікне. Дэмакратычная і вольная Беларусь — у інтарэсах Еўропы. Таму зараз не час здавацца, асабліва ўлічваючы дынаміку вайны ва Украіне. Зараз час узмацняць санкцыі, яшчэ больш ціснуць.

Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што Еўропа здасца і пойдзе за палітыкай прэзідэнта Дональда Трампа, маўляў, калі Амерыка змякчае санкцыі, то і Еўропа павінна змякчаць. Не, давайце падзяляць — адно гэта гуманітарны аспект, іншае — палітычны складнік і фактар бяспекі.

— Стратэгія Еўропы ў адносінах да Беларусі вар’іруецца ад спробы ўцягнуць мінскі рэжым у судовае супрацоўніцтва да ізаляцыі рэжыму праз санкцыі. Але ніводзін з гэтых спосабаў не працуе. Зараз пасылаюцца нейкія змешаныя сігналы: з аднаго боку, санкцыйны рэжым дзейнічае, з іншага боку, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон тэлефануе Аляксандру Лукашэнку. Калі вы камунікуеце з еўрапейскімі лідарамі, якую доўгатэрміновую стратэгію ў адносінах да Беларусі вы прапануеце?

— Глядзіце, цалкам ясна, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі нелегітымны, з-за гэтага былі прыменены санкцыі. Такі падыход падтрымліваецца грамадзянскай супольнасцю, незалежнымі СМІ, праваабаронцамі, палітычнымі зняволенымі і людзьмі, якія жывуць у эміграцыі. 

Калі гаварыць пра доўгатэрміновую стратэгію, самае важнае пытанне — як выцягнуць Беларусь з зоны ўплыву Расіі і вярнуць у шэрагі свабодных, дэмакратычных, суверэнных краін у Еўропе. Шмат гадоў Беларусь разглядалася альбо як праблема з правамі чалавека, альбо як прыдатак да Расіі, як шэрая зона.

Але Беларусь — гэта праблема бяспекі для Еўропы. Без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы. Гэта проста аксіёма. Таму Захад павінен будаваць сваю стратэгію на некалькіх слупах. Па-першае, трэба захоўваць ціск на рэжым, бо санкцыі выдатна працуюць. Аляксандр Лукашэнка можа прыкідвацца, што гэта не так, але яны працуюць. Па-другое, падтрымліваць беларускіх людзей, не дыктатара.

Наогул, давайце перастанем думаць пра Беларусь, звязваючы яе толькі з Аляксандрам Лукашэнкам. Разумею, што за трыццаць гадоў усе прывыклі, але за рэжымам вельмі карысна бачыць людзей, якія дэкларавалі імкненне да дэмакратыі ў 2020 годзе і пазней. Мы просім інвеставаць у наша грамадства, незалежныя СМІ, якія супрацьстаяць прапагандзе расійскага і беларускага рэжымаў, а таксама ў культуру, адукацыю, дэмакратычныя інстытуты.

Мы таксама просім захоўваць сувязь беларусаў з Еўропай, бо беларусам трэба мець альтэрнатыву рускаму свету.

Трыццаць гадоў Аляксандр Лукашэнка цягне нашу краіну ў абдымкі Расіі, але мы павінны з еўрапейскага свету чуць: «Вы наша частка, мы будзем змагацца за вас, як змагаюцца за члена сям’і, мы дапаможам перарэзаць пупавіну ад Расіі, бо вы нам патрэбны як краіна, як нацыя». Мы хацелі б гэта чуць, бо гэта надало б энергіі нашаму грамадству.

Нашай мэтай павінна быць не дапамагчы Аляксандру Лукашэнку ў яго цяжкі перыяд, не выратаваць яго ад Уладзіміра Пуціна, мэтай павінна быць выратаваць Беларусь ад Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Гэта павінны быць стратэгічныя пункты нашых саюзнікаў.

Так, прэзідэнт Эмануэль Макрон тэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку, але важна тое, што перад званком мы былі праінфармаваны загадзя. Значыць, нашы партнёры не гуляюць у гульні пад дываном.

Нам было паведамлена, што мэта званка — папярэдзіць Аляксандра Лукашэнку не выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нейкай эскалацыі. Гэта не была легітымізацыя рэжыму, прызнанне, не нармалізацыя адносін, гэта было проста папярэджанне, бо існавала імавернасць, што Беларусь рыхтавалася да магчымых правакацый.

— Як вы лічыце, ці можа быць, што ў дыялогу з Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка дзейнічае не толькі ў сваіх інтарэсах, але і на карысць Расіі, што тэстуе настроі змякчыць санкцыі не толькі Мінску, але і Маскве?

— Сувязь Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна сімбіятычная, яны патрэбны адзін аднаму. Спачатку, да гарманізацыі санкцый, дызайн санкцый быў дзіравым. Большасць санкцый супраць Расіі абмяжоўвалі яе імпарт [з Захаду], а ў выпадку Беларусі — экспарт. Таму Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін скарысталіся гэтымі дзіркамі. Расія сапраўды зацікаўлена ў тым, каб былі адменены санкцыі супраць Беларусі.

Але Аляксандр Лукашэнка як заўсёды гуляе ў двайную гульню — хоць і захоўвае лаяльнасць Расіі, спрабуе прывабіць Еўропу. Толькі зноў жа — няма сэнсу разважаць, чаго Аляксандр Лукашэнка хоча, што ён думае ці як ён збіраецца выжыць.

Мы павінны думаць, як захаваць Беларусь ад Аляксандра Лукашэнкі. 

Шчыра кажучы, я вельмі ўдзячна Літве, якая выдатна ўмее бачыць карціну, як Аляксандр Лукашэнка гуляе з Захадам гэтыя 30 гадоў: ён ужывае рэпрэсіі, Захад рэагуе, тады ён выкарыстоўвае харызму і паляпшае адносіны з Захадам. Потым зноў рэпрэсіі і зноў паляпшэнне адносін. Аляксандр Лукашэнка пастаянна гуляе ў гэтую гульню. Ён спадзяецца перажыць лідараў іншых краін. Ёсць такі рускі тэрмін, які апісвае людзей, якія прыходзяць і хутка сыходзяць, — «временщики». Аляксандр Лукашэнка — такі нібыта вечны кіраўнік, які спадзяецца, чакае, што прыйдзе іншы заходні палітык, іншы лідар, які не будзе кіравацца каштоўнасцямі.

Зараз наша задача — спыніць гэтае заганнае кола, пазбавіцца ад рэжыму. Аляксандр Лукашэнка слабы, людзі яго не падтрымліваюць. Украіна таксама цісне на Беларусь і ў адзін дзень Уладзімір Пуцін не прыйдзе яго ратаваць.

На дадзены момант у Еўрапейскім Саюзе мы не бачым імкнення змяняць палітыку ў адносінах да Беларусі і за гэта мы вельмі ўдзячны. Канешне, лабісты Аляксандра Лукашэнкі актывізавалі дзейнасць у Еўропе. У гэтым выпадку вельмі важная пазіцыя Літвы і Польшчы, асабліва Літвы адносна транзіту калійных угнаенняў. Адмена санкцый ЗША на калійныя ўгнаенні не дае Аляксандру Лукашэнку столькі выгады, колькі зручны транзіт.

Мы, канешне, прасілі амераканскіх партнёраў не ціснуць на еўрапейскія краіны — Літву, Польшчу, Украіну, Латвію — з мэтай змяніць палітыку па калійных угнаеннях толькі таму, што гэта зручна Аляксандру Лукашэнку.

Ён павінен вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі ўнутры краіны, перастаць прадастаўляць беларускую тэрыторыю для ваеннай інфраструктуры Расіі, якая пагражае Украіне і Еўропе, спыніць любыя правакацыі супраць еўрапейскіх дзяржаў. Тады можна будзе гаварыць пра змяненне палітыкі. Цяпер ён хоча атрымаць усё сам, не даючы нічога.

— Гаворачы пра транзіт калійных угнаенняў, ЗША лістом звярнуліся да Польшчы, Украіны і Літвы з не зусім прамой прапановай дазволіць транзіт праз свае тэрыторыі або прынамсі гэта разгледзець. У выпадку Літвы і Польшчы дзейнічаюць агульныя санкцыі Еўрапейскага Саюза, якія забараняюць транзіт угнаенняў мінімум да лютага наступнага года. Што кажа ваша шостае пачуццё пра тое, што адбудзецца ў лютым наступнага года? Як вы лічыце, ці не будуць адменены санкцыі? Польшча і Літва імкнуцца захаваць амерыканскіх салдат на сваёй тэрыторыі, таму калі пытанне санкцый будзе звязана з салдатамі, Літва і Польшча могуць вырашыць інакш.

— Не думаю, што пазіцыя ЗША па калійных угнаеннях павінна прымацца як інструкцыя для Польшчы, Літвы ці Украіны. Усе гэтыя краіны маюць свае інтарэсы бяспекі. Гэтыя краіны лепш за іншых разумеюць, што значыць жыць побач з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, адчуваючы наступствы запушчанай Расіяй ваеннай машыны.

Любыя дыскусіі пра адмену санкцый на калійныя ўгнаенні павінны быць звязаны з канкрэтнымі ўмовамі: вызваліць усіх палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі, скончыць падтрымліваць расійскую агрэсію, скончыць гібрыдныя атакі, такія як адпраўка мігрантаў праз мяжу ці шары, дазволіць адбывацца зменам у самой Беларусі.

Месяц таму я была ў Кіеве і падчас нашай двухбаковай сустрэчы прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сказаў, што не збіраецца дазваляць транзіт калійных угнаенняў праз Украіну.

Я прапанавала б і іншым краінам салідарызавацца з Украінай. У адваротным выпадку змякчэнне санкцый толькі ўзмацніць рэжым і паспрыяе расійскай ваеннай машыне.

Так, разумею, што краіны маюць свае адчувальныя пытанні, але лічу, што суседнія з Беларуссю краіны разумеюць пагрозы гэтага рашэння ў будучыні. Я ўпэўнена, што ніхто не паверыць абяцанням, якія дае Аляксандр Лукашэнка, бо ён іх вельмі лёгка парушае.

— Вы згадвалі, што Літва сярод краін, якія выдатна ўсведамляюць пагрозы і спосаб дзеяння рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Зараз у нас змяняецца ўрад, і сапраўды даволі шмат дыскутуецца пра палітыку ў адносінах да Беларусі. Напрыклад, будучы прэм’ер Міндаўгас Сінкявічус лічыць, што санкцыі не з’яўляюцца самамэтай, што яны павінны змяняць паводзіны аўтарытарнага рэжыму, але ў гэтым выпадку не змяняюць. Пакуль ён не прапанаваў змен, але паміж радкоў можна выдатна зразумець, што ён не ўпэўнены, ці з’яўляюцца санкцыі лепшым спосабам уплываць на рэжым. Таму хачу спытаць, ці ўпэўнены вы, што пазіцыя Літвы адносна санкцый супраць Беларусі не змяняецца ці не зменіцца?

— Найперш я хацела б падзякаваць прэзідэнту Гітанасу Наўседу, міністру замежных спраў Кястуцісу Будрысу, старшыні Сейма Юозасу Олекасу, прэм’ер-міністру Інзе Ругінене і літоўцам за ясную пазіцыю ў адносінах да рэжыму. Будучаму прэм’еру Міндаўгаса Сінкявічусу жадаю сфармаваць моцны ўрад і ім цвёрда кіраваць, таксама спадзяюся, што новы ўрад працягне прынцыповую палітыку ў адносінах да Беларусі, бо гэта ўключае і інтарэсы нацыянальнай бяспекі Літвы.

Бяспека Літвы не можа быць поўнай, пакуль Аляксандр Лукашэнка застаецца ва ўладзе ў Беларусі. Рэжым ужо ператварыў маю краіну ў пагрозу для суседзяў. Я магу пералічваць і пералічваць: гэта і прадастаўленне тэрыторыі для расійскай агрэсіі супраць Украіны, стварэнне расійскай ваеннай інфраструктуры ў Беларусі, аб’ява пра дыслакацыю ядзернай зброі ў Беларусі, правакацыі на межах. Пакуль Беларусь будзе заставацца ў распараджэнні крамлёўскага дыктатара, да таго часу Літва не будзе ў бяспецы, будуць працягвацца пагрозы, шантаж і правакацыі. Для Аляксандра Лукашэнкі гэта спосаб выжыць, а для Уладзіміра Пуціна — ціснуць на Еўропу. Менавіта таму дэмакратычная, суверэнная Беларусь — гэта не толькі наша, беларусаў, мэта, але таксама гарант бяспекі для Літвы.

Спадзяюся, што будучы ўрад Літвы захавае пераемнасць палітыкі. Мы вельмі цэнім доўгатэрміновую ясную, прынцыповую і заснаваную на каштоўнасцях пазіцыю Літвы. Але, вядома, лабісты Аляксандра Лукашэнкі выпрабоўваюць унутранае адзінства краін Еўрапейскага Саюза і Літвы, падымаюць розныя гістарычныя аспекты і імкнуцца знішчыць імідж беларускіх дэмакратычных сіл. Аднак мы павінны думаць пра доўгатэрміновыя мэты.

— Кажаце, што спадзеяцеся, што новы ўрад Літвы працягне прынцыповую і ясную палітыку ў адносінах да Беларусі. Але ці верыце вы сама, што працягне і нічога не зменіцца?

— Літва — мой другі дом. Я сама і іншыя беларусы радуемся падтрымцы Літвы і выказанай салідарнасці. У гістарычныя часы мы жылі ў сумеснай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім. Я проста веру ў літоўскіх людзей, літоўскую палітыку, веру, што літоўскія лідары разумеюць стратэгічную важнасць свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Разумею, што розныя людзі маюць розныя меркаванні. Прэзідэнт, старшыня сейма ці міністр замежных спраў могуць па-рознаму глядзець на сітуацыю, але ж у дэмакратыях вырашае не адна асоба. Наша задача — раскрыць наша разуменне літоўскаму грамадству, прадстаўнікам урада ці сейма, чаму ясная пазіцыя Літвы ў адносінах да Беларусі адпавядае інтарэсам бяспекі самой Літвы. Мы не вырашаем за Літву, мы толькі хочам раскрыць свой пункт гледжання.

— Ваш галоўны офіс раней быў у Вільні, аднак, рэагуючы на рашэнне Літвы паменшыць узровень аховы вашай асобы, вы перанеслі дзейнасць галоўнага офіса ў Варшаву. З моманту пераносу дзейнасці ў Польшчу прайшло ўжо трохі часу, можа, вы можаце расказаць пра гэтае рашэнне? Акрамя таго, вам ужо другі раз давялося змяняць краіну пражывання — павінна быць нялёгка. Можа, вы можаце падзяліцца сваім адчуваннем наконт гэтага?

— Як я ўжо казала, Вільня і Літва сталі маім другім домам, бяспечнай гаванню для мяне і маёй сям’і. Вядома, было даволі цяжка пакідаць Літву, дзе я жыла пяць гадоў. Мая дачка ў Літве за сваё жыццё жыла даўжэй, чым у Беларусі. Але не хачу ствараць палітычную драму. Мы змаглі знайсці баланс паміж Варшавай і Вільняй, прыстасавалі сваю працу да новай рэальнасці.

Літва зрабіла вельмі шмат на карысць беларусаў: не толькі прыняла дэмакратычныя сілы, дала бяспеку тым, хто быў вымушаны з’ехаць, прыняла прадстаўнікоў нашай грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў незалежных СМІ і тысячы простых людзей. Мы, беларусы, будзем вечна за гэта ўдзячны.

У той сама час наша дзейнасць пашырылася, а Варшава — адзін з найважнейшых цэнтраў беларускай грамадзянскай дзейнасці, дзе пражывае шмат былых палітычных зняволеных, прадстаўнікоў СМІ і падобнае. Таму ў Варшаве мы стварылі паўнавартасны офіс, а ў Вільні офіс таксама працягвае сваю актыўную дзейнасць, бо была захавана акрэдытацыя дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Напрыклад, офіс у Вільні не так даўно арганізаваў сустрэчу міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса і арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасці, таксама быў адкрыты інфармацыйны пункт Рады Еўропы для беларусаў, у чым і я сама ўдзельнічала. Нядаўна падчас нашага нацыянальнага свята каля Сейма мы ўзнялі бела-чырвона-белы сцяг, а я сустракаюся са шматлікімі партнёрамі і палітыкамі, якія прыязджаюць з працоўнымі візітамі ў Літву.

Калі гаварыць пра прыватнае жыццё, то мая сям’я таксама прыстасоўваецца. Вядома, змяніць краіну заўсёды цяжка. Падобна было і тады, калі давялося пакінуць Беларусь. Радуюся, што з сітуацыяй удалося справіцца годна: працягваем працу ў Літве, зрабілі новы крок у Польшчы. Самае важнае, каб пазіцыя Літвы [у адносінах да беларускага рэжыму] заставалася такой самай.

— На вашу думку, ці з’яўляецца рашэнне Літвы не працягваць ахову вам на такім узроўні, які быў, палітычным?

— Цяжка сказаць. Мы разумеем, што з прыходам новага ўрада да ўлады, ён пераглядзеў падыход да бяспекі. Я гэта разумею. Не магу дыктаваць ураду, што рабіць ці чаго не рабіць. Наша задача была зрэагаваць на новую сітуацыю як мага больш эфектыўна і бязбольна.

— Вы, як лідарка беларускай апазіцыі, узняліся пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Пасля гэтых выбараў прайшло даволі шмат часу, і даводзіцца чуць галасы, што ваш мандат нібыта знік. Напэўна, і вам даводзіцца чуць такія меркаванні. Паколькі ў гэты час правесці свабодныя выбары ў Беларусі немагчыма, як вы думаеце, як можна было б нанова атрымаць мандат сіл беларускай апазіцыі на лідарства?

— Найперш я ўдзячна міжнародным партнёрам, што яны не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку як легітымнага лідара Беларусі нават і пасля так званых выбараў 2025 года.

Думку, што мой мандат нібыта знік, больш за ўсё спрабуе сеяць прапаганда КДБ. Яны спрабуюць перавесці размову з нелегітымнага статусу Аляксандра Лукашэнкі пасля 2020 года на прозвішча Святланы Ціханоўскай. Гэта вельмі ясны сігнал, што яны разумеюць, што беларускае грамадства далей не бачыць Аляксандра Лукашэнку як лідара, што людзі не здаюцца і далей змагаюцца.

У нашай сітуацыі ў гэты час немагчыма правесці свабодныя і справядлівыя выбары. Шчыра кажучы, працуючы штодня, я адчуваю падтрымку беларускіх людзей, але гэта не падтрымка маёй асобы, а ідэй, бачання вольнай і незалежнай Беларусі, еўрапейскай Беларусі, дзе праводзяцца выбары і якая падтрымлівае Украіну.

Магу ясна сказаць: калі будуць праведзены свабодныя і справядлівыя выбары, я ў іх удзельнічаць не буду. Таму не трэба будзе канкурыраваць, месца пад сонцам хопіць усім палітыкам, усе змогуць набраць палітычныя балы. Проста поле дзейнасці гіганцкае і на арэну трэба прыцягнуць новыя твары, каб людзі ў будучыні маглі выбіраць.

Але зараз не час канкурыраваць, зараз мы павінны захоўваць адзінства, каб перамагчы дыктатара. 

— Як вы лічыце, што адбудзецца ў Беларусі, калі не стане Аляксандра Лукашэнкі? Ён даволі пажылы і падуладны натуральным біялагічным працэсам. З вашага пункту гледжання, што тады адбудзецца ў Беларусі? Ці можа рэжым са сваёй структурай утрымацца без Аляксандра Лукашэнкі? А мо адразу пачне адбывацца працэс дэмакратызацыі?

— Звычайна ўсе дыктатары рана ці позна рушацца. Гэта адбываецца тады, калі ўсе менш за ўсё гэтага чакаюць. Наша задача — падрыхтавацца да гэтага моманту. Аляксандр Лукашэнка можа знікнуць па мностве прычын.

Але рэжым — гэта не толькі Лукашэнка, гэта сістэма, якую ён будаваў трыццаць гадоў. Мы ведаем, што нават людзі сістэмы стамляюцца ад Лукашэнкі. Таму мы прапануем асобам, якія належаць да сістэмы, дыскусіі, перамовы, працаваць разам, каб захаваць суверэнітэт Беларусі. Лукашэнка ўжо згуляная карта. Яго не хвалюе Беларусь, не хвалюе нацыя, нацыянальная ідэнтычнасць — ён проста хоча палітычна выжыць.

Людзі вакол яго таксама шэпчуцца, што будзе пасля Аляксандра Лукашэнкі, таму ён так моцна баіцца мець каля сябе моцную фігуру, яка магла б стаць яго пераемнікам. Ён амаль нікога не павышае. Многія лічаць, што будзе прызначаны лідар рэжыму, але Аляксандр Лукашэнка страшэнна баіцца, што ўвага пераключыцца з яго, таму спрабуе паказаць, які ён моцны і смелы. Але, калі прыйдзе час, каля Аляксандра Лукашэнкі ёсць людзі, якія змогуць сесці і размаўляць. Магчыма, разам мы зможам правесці свабодныя выбары, пачаць неабходныя рэформы, змяніць Канстытуцыю і ўсё павінна будзе рабіцца вельмі хутка.

У гэты час Аляксандр Лукашэнка можа выжываць дзякуючы падтрымцы Расіі. Аднак з-за новай дынамікі вайны Украіны і Расіі, з-за палітыкі Украіны ў адносінах да Беларусі ён апынуўся ў пастцы. Мы павінны падтрымліваць ціск.

Канешне, ёсць людзі ўнутры рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць падтрымліваць яго да канца. Больш за ўсё мы гаворым пра апарат бяспекі, тых людзей, якія ўцягнуліся ў рэпрэсіі, катаванні, расійскую агрэсію супраць Украіны. У новай Беларусі яны павінны будуць адказаць за гэта.

Але зараз трэба ціснуць на рэжым, узмацняць дэмакратычныя сілы, прымусіць людзей з наменклатуры думаць пра новыя крокі, якія мы прапануем. У час змен будзе толькі два шляхі — Расіі і Еўропы. Мы павінны дасягнуць таго, каб шлях, які прапануе Еўропа, беларускім людзям мацнейшым за расійскі. Дзеля гэтага мы і працуем з еўрапейскімі партнёрамі.

Каментары49

  • Ё
    07.07.2026
    Санкцыі, санкцыі, Лукашэнка, санкцыі, санкцыі, калій, калій, санкцыі, Пуцін, санкцыі.
    Гэта быў кароткі пераказ інтэрв’ю лідаркі.
  • не заблуждается...
    07.07.2026
    ...относительно своего рейтинга.

    В 2020 году голосовали тоже не за саму Тихановскую (тогда даже ее мужа мало знали, а ее тем более), а против Луки в ситуации, когда всех остальных демократических кандидатов насильно сняли с выборов
  • Хмм
    07.07.2026
    Существование этого офиса - большая проблема не только для беларусов в Беларуси (тут-то понятно, на них наплевать и растереть политэмигрантам), но и для самой диаспоры. Чем больше на ваше бывшее государство "давят", тем больше вы становитесь изгоями. Неважно, какие вы там у себя в голове "сапраўдныя беларусы а не гэтыя хатаскрайнiкi". В том числе и ваш путь до паспорта вашей новой страны будет неуклонно удлиняться и обрастать новыми унижениями. Это так работает.

Цяпер чытаюць

У Александрыі Лукашэнка пасадзіў да сябе 23‑гадовую прыгажуню25

У Александрыі Лукашэнка пасадзіў да сябе 23‑гадовую прыгажуню

Усе навіны →
Усе навіны

Італьянская піцэрыя ў Крывой Бярозе зноў запрацавала, але радуюцца гэтаму не ўсе1

Пластыкавыя бутэлькі могуць не толькі засмечваць акіян, але і ратаваць жыцці дэльфінаў

Дзяўчына ў Гомелі схадзіла да стаматолага і была ўражаная цаной. Пасля публічнага скандалу цану знізілі11

25‑гадовы футбаліст зборнай ПАР памёр пасля вяртання з чэмпіянату свету1

У Іране ўсклалі адказнасць за ўдар па суднах у Армузскім праліве на «непадкантрольныя элементы»1

Пры раскопках каля Сафіі ў Полацку знайшлі фрагменты сцяны XII стагоддзя

Каб сачыць за пастаўкамі зброі Украіне, Расія ўзломвае цывільныя камеры ў Еўропе1

«А потым чую вокліч кантралёра: «Пушкін, ты што даўбануўся?». Мікалай Дзядок расказаў пра апошнія дні Алеся Пушкіна ў турме3

Аятала Хаменеі паабяцаў адпомсціць за бацьку і іншых ахвяр вайны6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Александрыі Лукашэнка пасадзіў да сябе 23‑гадовую прыгажуню25

У Александрыі Лукашэнка пасадзіў да сябе 23‑гадовую прыгажуню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць