Масіўны каменны крыж нібыта ўзяты з часоў беларускага сярэднявечча. Кожны высечаны на ім сімвал шчыльна пераплятаецца з філасофіяй і славутымі п'есамі самога пісьменніка.

Аляксей Дудараў пайшоў з жыцця ў лютым 2023 года і быў пахаваны на Усходніх могілках Мінска. Летам 2024 года на яго магіле паставілі помнік, створаны вядомым беларускім скульптарам Ігарам Засімовічам.
Кампазіцыя манумента пабудавана на кантрасце формаў і фактур граніту. У аснове ляжыць геаметрычна правільны, паліраваны трапецыепадобны пастамент з ружавата-карычневага каменю. Надпіс на ім максімальна лаканічны: «Аляксей Дудараў / Драматург» і даты жыцця (06.VI.1950 — 27.II.2023).
А вось над ім узвышаецца масіўны крыж са светлага, шурпатага граніту. Яго краі наўмысна няроўныя, неідэальныя, што надае каменю дух прыроднасці і глыбокай архаікі. Такія крыжы можна пабачыць на старадаўніх вясковых некропалях.
На пярэднім баку высечаны традыцыйны беларускі шасціканцовы крыж. Яго цэнтральная, вялікая перакладзіна мае спецыфічную форму: яна надае выяве антрапаморфнае падабенства з чалавекам, які шырока раскінуў рукі.
Адначасова гэты сілуэт вельмі нагадвае дзяржанне і гарду мяча, уваткнутага ў зямлю. Менавіта такі вобраз рыцарскага мяча, уваткнутага вастрыём уніз, быў змешчаны на вокладцы кнігі Дударава «Князь Вітаўт», так што яго можна лічыць адсылкай да найважнейшага гістарычнага твора аўтара.

Абапал высечанага крыжа змешчаныя круглыя медальёны з антрапаморфнымі выявамі Сонца і Месяца. А верхні медальён крыжа змяшчае хрызму (☧) — старажытную манаграму Хрыста, якая складаецца з грэчаскіх літар Х і Р, аздобленая літарамі Альфа і Амега, сімвал пачатку і канца ўсяго існага, згодна з Апакаліпсісам.
Калі абысці помнік ззаду, можна ўбачыць высечаны на камені кароткі, пранізлівы тэкст:
Аджыў сваё чалавек
Прыйшла яго ноч
Прыйшоў наш вечар

Гэта фінальныя словы з самага знакамітага твора Аляксея Дударава — п'есы «Вечар» (1983). Іх прамаўляе герой трагікамедыі Васіль (Мульцік) — светлы, мудры стары, які дажывае свой век у неперспектыўнай вёсцы. У п'есе Мульцік мае ўласную «касмаганічную сістэму»: ён размаўляе з Сонцам, дзякуе яму за жыццё, за радасць і нават за слёзы, верачы, што пасля смерці чалавечая душа «пойдзе на Сонца».
Манумент ідэальна адпавядае асобе Аляксея Дударава. Выхадзец з сялянскай сям'і, ён заўсёды адчуваў глыбінную сувязь з беларускай зямлёй і яе гісторыяй.

Жывы камень з яго прыроднай фактурай і высечанымі ўручную сімваламі супрацьстаіць бяздушным чорным плітам з габра-дыябазу, дзе партрэты і надпісы штампуюцца лазернай гравіроўкай на прамысловых станках. Апошнія захопліваюць нават такія высока прэстыжныя могілкі, як Усходнія, якія можна лічыць нацыянальным некропалем. Помнік Аляксею Дудараву атрымаўся такім жа, якімі былі яго п'есы, — сапраўдным, створаным на падмурку беларускай гісторыі і традыцый.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары