У Беларусі адкрыўся публічны доступ да «Вялікай бортнай бібліятэкі» — лічбавага даследчага корпуса, прысвечанага гісторыі і культуры бортніцтва. Праект будзе карысны як тым, хто цікавіцца пчалярствам і традыцыйнымі спосабамі ўтрымання пчол, так і даследчыкам беларускай гісторыі, піша выданне «Смартпрэс».

Бібліятэка аб’ядноўвае гістарычныя, этнаграфічныя, прававыя, прыродазнаўчыя і іншыя крыніцы, якія раней былі раскіданыя па кнігах, архівах і розных публікацыях.
На момант запуску ў ёй апрацавалі 218 крыніц агульным аб’ёмам каля 27,4 тысячы старонак. Аналітычная картатэка праекта налічвае каля 1200 старонак і больш за 334 тысячы слоў. Яшчэ больш за тысячу знойдзеных крыніц чакаюць апрацоўкі. Матэрыялы прадстаўленыя на беларускай, рускай, польскай, украінскай і англійскай мовах.

Змест бібліятэкі значна шырэйшы за звесткі пра мёд і вуллі. У корпус увайшлі судовыя дакументы, этнаграфічныя апісанні, слоўнікі, фальклорныя матэрыялы, краязнаўчыя выданні, публікацыі пра традыцыйныя тэхналогіі і сучасныя палявыя даследаванні.

З гэтых матэрыялаў вынікае, што бортніцтва ў Беларусі было не толькі спосабам здабывання мёду. Борці маглі быць маёмасцю і станавіцца прадметам судовых спрэчак, а бортныя дрэвы ўваходзілі ў сістэму лесакарыстання. Традыцыя таксама сфармавала ўласную лексіку, інструменты, правілы, абрады і павер’і.
Аўтар праекта — бортнік і даследчык Іван Восіпаў. Ён пачаў сістэматычна збіраць матэрыялы яшчэ ў 2006 годзе. Па яго словах, мэта бібліятэкі — зрабіць спадчыну мінулага даступнай сёння і перадаць яе наступным пакаленням з дапамогай сучасных лічбавых метадаў, каб веды не заставаліся закрытымі ў старых выданнях і архівах.

За апошнія месяцы праект істотна павялічыўся. На 1 ліпеня 2026 года былі апрацаваныя 59 крыніц аб’ёмам 7217 старонак, на 1 жніўня — 105 крыніц і 13 726 старонак. Да адкрыцця публічнай версіі колькасць вырасла да 218 крыніц і прыкладна 27,4 тысячы старонак.
Бортніцтва застаецца жывой традыцыяй, асабліва на Палессі. Увосень там кажуць «глядзець пчол»: бортнікі ідуць у лес, правяраюць пчаліныя сем’і і збіраюць мёд.

У 2020 годзе культура бортніцтва Беларусі і Польшчы была ўключаная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Іван Восіпаў удзельнічаў у падрыхтоўцы трансгранічнай намінацыі.
Цяпер пазнаёміцца з гэтай традыцыяй можна не толькі непасрэдна ў лесе, але і праз дакументы, кнігі ды архіўныя сведчанні, сабраныя ў адным лічбавым рэсурсе.
З самаробным чоўнам, гусямі і зёлкамі замест лекаў. Як жыве сапраўдны палескі рабінзон
Чым адрозніваецца бортніцтва ад пчалярства? І чаму вучыліся палякі ў беларускіх бортнікаў
«Як выжыць цяпер пчаляру? На іншую працу ісці». Пчаляр з Магілёўшчыны расказаў, чаму раней любімая справа цяпер не дае прыбытку
Мёд, балоты і дубы. Дзе і як адпачыць на Палессі восенню?
«Мазалі, кроў і пастаянныя ўкусы». Ці можна сёння збудаваць бізнэс на бортніцтве?
Каментары