Дэкларацыя саміту НАТА: Украіне паабяцалі «незваротны шлях» у альянс. Узгадалі і Беларусь
Краіны НАТА паабяцалі Украіне 40 мільярдаў еўра дапамогі ў 2025 годзе. Пра гэта гаворыцца ў дэкларацыі саміту Паўночнаатлантычнага альянсу.

У дакуменце пацвярджаецца «незваротны шлях да поўнай еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны, якая ўключае ў сябе сяброўства ў НАТА». Удзельнікі альянсу адзначаюць, што накіруюць Кіеву запрашэнне аб далучэнні, «калі ўсе хаўруснікі пагодзяцца на гэта і ўсе ўмовы будуць выкананыя». На бліжэйшы год саюзнікі маюць намер выдаткаваць мінімум 40 млрд еўра. Гэтыя грошы будуць накіроўвацца на абаронныя патрэбы Украіны.
Акрамя гэтага, прынята рашэнне стварыць Службу дапамогі і навучання ў галіне бяспекі для Украіны (NSATU), якая будзе займацца каардынацыяй паставак ваеннай тэхнікі і падрыхтоўкай асабістага складу.
Расія ў дэкларацыі саміту НАТА называецца «самай значнай і наўпроставай пагрозай бяспецы» альянсу.
Таксама пагрозай альянсу НАТА назвала паглыбленне адносін Беларусі і Расіі. «Беларусь працягвае садзейнічаць вайне з Украінай, даючы сваю тэрыторыю і інфраструктуру. Паглыбленне палітычнай і ваеннай інтэграцыі Расіі ў Беларусь, уключаючы разгортванне перадавога расійскага ваеннага патэнцыялу і асабовага складу, мае негатыўныя наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і абароны альянсу», — гаворыцца ў дэкларацыі.
Лідары НАТА заявілі пра безадказную ядзерную рыторыку Расіі і назвалі шантажом сігналы, якія дасылае Масква, сярод іх — размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі. Паводле НАТА, такім чынам Масква займае пазіцыю стратэгічнага запалохвання.
Акрамя Беларусі, у заяве таксама называюцца тры краіны, якія садзейнічаюць расійскай агрэсіі супраць Украіны: Іран, Паўночная Карэя і Кітай.
Пра Кітай гаворыцца, што ён аказвае «вырашальную» падтрымку расійскай абаронна-прамысловай базе.
«Заклікаем КНР як пастаяннага члена Савета Бяспекі ААН спыніць усякую матэрыяльную і палітычную падтрымку ваенных намаганняў Расіі. Гэта ўключае і перадачу матэрыялаў падвойнага прызначэння, такіх як кампаненты зброі, абсталявання і сыравіны, якія выкарыстоўваюцца ў якасці фактараў вытворчасці расійскага абароннага сектара. КНР не можа падсілкоўваць найбуйнейшую вайну ў Еўропе ў найноўшай гісторыі без негатыўнага ўплыву на свае інтарэсы і рэпутацыю».
Пачаўся працэс перадачы знішчальнікаў F-16 Украіне — першыя самалёты ўжо на шляху ў краіну
«Дзядзька Андрэй, спыніся». Пляменніца міністра абароны Расіі, якая жыве ў ЗША, звярнулася да яго пасля атакі на Кіеў
Новы ўрад Вялікабрытаніі дазволіў выкарыстоўваць брытанскія ракеты Storm Shadow для ўдараў па Расіі
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары