Грамадства

«Яшчэ адна мафія». Як брэсцкія таксісты зарабляюць на чэргах на беларуска-польскай мяжы

Цімафей звычайна перасякае мяжу з Польшчай на машыне, але гэтым разам яму прыйшлося ехаць аўтобусам праз Брэст. Ужо на мяжы да яго падышоў таксіст і прапанаваў давезці ў пачатак чаргі — з гарантыяй, што там яго пасадзяць у першы аўтобус. Беларус расказаў выданню Most, у колькі яму абышлася такая магчымасць, а журналісты сабралі, што яшчэ вядома пра такі прыгранічны бізнэс.

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак

«У гэтую суму ўваходзіць усё: і таксі, і аўтобус»

Калі Цімафей прыехаў на мяжу, перад ім было 18 аўтобусаў — ва ўсякім разе, такую інфармацыю выдаваў сайт Памежнага камітэта. Вопыту падобных паездак у мужчыны не было, і пра платныя перасадкі ў аўтобусы, што стаяць наперадзе, ён нічога не ведаў.

На мяжы да Цімафея падышоў таксіст і прапанаваў за 50 еўра падвезці яго ў пачатак чаргі, дзе той гарантавана зможа сесці ў першы аўтобус.

«Я спачатку падумаў, што павінен заплаціць 50 еўра толькі таксісту, а потым яшчэ асобна даплачваць за месца ў аўтобусе. Але кіроўца мне патлумачыў, што ў гэтую суму ўваходзіць усё: і таксі, і аўтобус. Ну, пачаў казаць яшчэ, што прапаноў такіх больш не знойдзеш, рызыкаваць ніхто з іншых кіроўцаў не будзе і г. д.»

Цімафей пагадзіўся. Кажа, чакаць шмат гадзін у чарзе яму не хацелася. Пры гэтым самому таксісту ён нічога не плаціў — грошы ўзяў кіроўца польскага аўтобуса. Цімафей мяркуе, што таксіст потым атрымаў сваю долю ад перавозчыка, аднак доказаў гэтага ў мужчыны няма.

«Кошт — 10 рублёў, зазывалы прасілі 25»

Гісторыя Цімафея не адзінкавая. Most вывучыў профільны чат і высвятліў: там карыстальнікі таксама пішуць пра падобныя выпадкі.

Таксісты прапануюць некалькі варыянтаў падвозіць пасажыраў да пачатку чаргі. Адзін з іх — афіцыйны: турысты ў Брэсце выклікаюць машыну праз дадатак, а паездка аплачваецца па тарыфе.

«Таксі да мяжы — 9 рублёў, давезлі да першага аўтобуса. На вакзале шмат бамбіл, кажуць, што толькі яны могуць давезці да першага аўтобуса і дамовіцца пра падсадку», — дзеліцца інфармацыяй карыстальнік пад нікам Sasha (тут і далей паведамленні адкарэктаваныя для зручнасці чытання).

Карыстальніца Вольга Чарнавол перасякала мяжу напрыканцы жніўня. Яна загадзя загрузіла дадатак таксі і абрала аплату наяўнымі. Беларускай SIM-карты ў жанчыны не было, таму ўзніклі праблемы з інтэрнэтам. На вакзале яна папрасіла падключыцца да інтэрнэту ў людзей, якія чакалі свае машыны, і выклікала таксі да пункта пропуску.

«Кошт — 10 беларускіх рублёў. Зазывалы прасілі 25. На шлагбауме была ў 8.10 і папрасілася ў другі аўтобус да Варшавы. Заехалі ў 9.30», — расказала пра свой вопыт карыстальніца.

«Бамбіламі» або «зазываламі» беларусы называюць таксістаў, якія працуюць не праз дадаткі. Турысты расказваюць, што знайсці іх няма цяжкасцяў. Як правіла, яны самі падпільноўваюць пасажыраў каля ўваходу на вакзал.

«Калі прыедзеце, выходзіце праз галоўны ўваход на вакзале — там ужо стаяць таксісты, чакаюць тых, хто прыбывае, і вязуць да шлагбаума», — апісвае сітуацыю адзін з карыстальнікаў.

Уладзімір, мяруючы па кошце паездкі, скарыстаўся з паслуг менавіта такіх таксістаў.

«З чыгуначнага вакзала на таксі — 25 рублёў — да першага аўтобуса падвезлі. Падсеў у другі да Варшавы, цана 50 даляраў».

Але ў чатах сустракаюцца і гісторыі пра значна больш высокія цэны. Alena Volkova піша, што ў гэтыя выхадныя тарыф быў асабліва высокім.

«Зараз у аўтобус Мінск — Прага селі на вакзале пасажыры з Брэста, ведаючы, што наперадзе больш за 30 аўтобусаў. Сказалі, што дастаўка і падсадка ў пачатак чаргі — 150 еўра».

«Яны ў адной лодцы»

Ёсць у чаце і гісторыі пра тое, як таксісты падвозілі пасажыраў да першага аўтобуса зусім бясплатна — як у выпадку з Цімафеем.

«Не плацілі нічога. Мабыць, у таксі з польскім перавозчыкам дамоўленасць ёсць», — разважае карыстальнік пад нікам Dzmitry.

«У пачатак чаргі з канца вазілі таксісты. Грошай не бралі. Яны ў адной лодцы», — пацвярджае яго версію іншы карыстальнік.

Пасажыры звяртаюць увагу і на тое, што адны і тыя ж машыны могуць некалькі разоў запар з'яўляцца каля аўтобусаў, якія стаяць у пачатку чаргі.

«Сёння таксісты на першы аўтобус разоў з пяць ці шэсць пад'язджалі — адны і тыя ж хвілін за 10. Тут відавочна змова», — напісаў адзін з удзельнікаў абмеркавання.

Іншыя беларусы раяць выклікаць таксі праз дадаткі. На іх думку, так можна і ашчадзіць, і не падтрымліваць неафіцыйны бізнэс.

«Таксі — яшчэ адна мафія, якая корміцца вакол гэтай сітуацыі».

Як уладкаваная перасадка

Сама практыка перасадкі пасажыраў з аднаго аўтобуса ў іншы з'явілася даўно і была звязаная з доўгімі чаргамі на мяжы. Калі чаканне расцягвалася на суткі і больш, пасажыры пачалі шукаць магчымасць не чакаць увесь гэта час у аўтобусе, а перасесці ў той, што ўжо знаходзіцца бліжэй да шлагбаума.

Схема простая: пасажыр даязджае да мяжы на аўтобусе, выходзіць і дамаўляецца пра месца ў іншым, які стаіць наперадзе. Цяпер кошт перасадкі ва ўсіх прыкладна аднолькавы — 50 еўра. Вольныя месцы не заканчваюцца. Іх забяспечваюць людзі, якія высадзіліся, калі аўтобус быў яшчэ ў хвасце чаргі.

Паступова падарожнікі знайшлі яшчэ адзін, больш бюджэтны варыянт. Яны перасталі купляць квіткі на рэйсавыя або турыстычныя аўтобусы, а сталі самастойна дабірацца да Брэста: хтосьці — на аўтамабілі, хтосьці — на цягніку ці аўтобусе. А далей яны выклікаюць таксі (або таксісты самі прапануюць свае паслугі) і едуць проста да пачатку чаргі. Там ужо можна шукаць аўтобус з вольным месцам і дамаўляцца пра перасадку.

Каментары

Цяпер чытаюць

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні4

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяніс Кучынскі заявіў, што новы палітычны сезон можа быць вырашальным11

73‑гадовага афганца асудзілі па дзвюх палітычных крыміналках2

«Схуднеў на 10 кілаграмаў». Суўладальнік архітэктурнай студыі ZROBIM architects распавёў пра чатыры месяцы ў СІЗА2

Заплацілі 8000 даляраў за пуцёўку — і атрымалі кашмар. Як беларусы з'ездзілі ў Турцыю ў пяцізоркавы гатэль10

Беларуская сям'я 10 гадоў не магла знайсці схаваную заначку. Грошы ўвесь гэты час ляжалі ў печы6

Трамп кардынальна памяняў колер валасоў ФОТАФАКТ13

У Пермі беспілотнік трапіў у шматпавярховы дом4

Лавіна накрыла 15 альпіністаў у Кабардзіна-Балкарыі. Паведамляецца пра сем загінулых1

Галкіпер забіў два мячы ў матчы, прычым адзін на 11‑й дададзенай хвіліне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні4

Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць