Эканамічны суд Магілёўскай вобласці распачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве ТАА «БНБК-АГРА Глуск». Гэта даччынае прадпрыемства Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), створанае ў 2022 годзе пасля перадачы БНБК зямель у некалькіх рэгіёнах краіны, у тым ліку ў Глускім раёне, піша Office Life.

У 2022—2023 гадах БНБК актыўна пашырала сваю сыравінную базу. У Бабруйскім раёне карпарацыя атрымала ў даверчае кіраванне на тры гады акцыі трох сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а ў Глускім раёне — шасці арганізацый.
У 2023 годзе БНБК планавала павялічыць аб’ём вытворчасці прадукцыі да мільёна тон, таму ёй тэрмінова спатрэбіліся значныя сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пазней урад вырашыў перадаць карпарацыі частку зямель і ў іншых раёнах Беларусі — Пухавіцкім, Асіповіцкім і Быхаўскім.
Паведамлялася, што БНБК уклала каля 60 мільёнаў рублёў у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ў Глускім раёне. Аднак цяпер даччынае прадпрыемства карпарацыі ў гэтым раёне знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Адпаведнае рашэнне назіральная рада БНБК прыняла яшчэ ў жніўні.
Завяршыць ліквідацыю без працэдуры банкруцтва прадпрыемства не змагло праз значныя пазыкі, якія нашмат перавышаюць кошт яго актываў. Як паведамілі ў судзе, агульная запазычанасць ТАА «БНБК-АГРА Глуск» перад крэдыторамі складае больш за 10,8 мільёна рублёў.
Пры гэтым актывы прадпрыемства ацанілі прыкладна на 116 тысяч рублёў. Больш за 112 тысяч з гэтай сумы складае дэбіторская запазычанасць — грошы, якія павінны выплаціць самому прадпрыемству.
Наступнае судовае пасяджэнне ў справе прызначанае на 29 студзеня. Паводле ацэнкі Office Life, верагоднасць банкруцтва арганізацыі амаль стасотпрацэнтная.
Каментары