Вайна11

Ці могуць паўночнакарэйскія войскі прыехаць у Беларусь у выпадку эскалацыі на мяжы з Украінай?

Фінскі эксперт мяркуе, што не. Украінскі кажа: «Украіне губляць ужо няма чаго. Калі будзе пагроза з боку Беларусі, будуць выкарыстаныя ўсе даступныя сродкі, каб яе ліквідаваць».

Аляксандр Лукашэнка і Кім Чэн Ын у Пхеньяне, Паўночная Карэя, 26 сакавіка 2026. Фота: Belarus Presidential Press Service via AP

За апошнія некалькі дзён Кіеў адразу некалькі разоў публічна загаварыў пра новую пагрозу з боку Беларусі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Беларусь працягвае разбудоўваць каля ўкраінскай мяжы вайсковую інфраструктуру, якая можа выкарыстоўвацца для агрэсіі. Паводле яго, каля мяжы будуюцца дарогі, склады боепрыпасаў і базы захоўвання паліва. Пры гэтым, як сцвярджае Зяленскі, у расійскіх дакументах гэтыя аб'екты непасрэдна згадваюцца ў кантэксце задач так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Яшчэ адну трывожную заяву зрабіў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі. Ён не выключыў, што, не дасягнуўшы прарыву на асноўных участках фронту, Расія можа паспрабаваць адкрыць новы кірунак, пашырыўшы фронт яшчэ прыкладна на 160 кіламетраў за кошт беларускага кірунку. Паводле яго, Украіне ўжо цяпер даводзіцца рыхтаваць дадатковыя брыгады на выпадак такога развіцця падзей.

На гэтым фоне ўзнікае пытанне: калі Крэмль сапраўды будзе шукаць спосабы змяніць ход вайны, ці можа Беларусь стаць адным з галоўных інструментаў такой новай эскалацыі? І ці магла б Расія пайсці яшчэ далей — напрыклад, выкарыстаць у Беларусі паўночнакарэйскі кантынгент, які ўжо дапамагае ёй у вайне супраць Украіны?

«Наша Ніва» спытала ў фінскага і ўкраінскага экспертаў, на што можа пайсці Расія.

Масква ўжо шукае рэзервы

Вайна супраць Украіны даўно перастала быць вайной выключна расійскіх рэсурсаў. Расія атрымлівае ад Ірана беспілотнікі і тэхналогіі, ад Паўночнай Карэі — артылерыйскія снарады, ракеты і нават вайскоўцаў. На тэрыторыі Расіі ўжо дзейнічалі паўночнакарэйскія падраздзяленні, а супрацоўніцтва паміж Масквой і Пхеньянам пасля падпісання новай дамовы выйшла на беспрэцэдэнтны ўзровень. Паўночная Карэя пастаўляла Расіі артылерыйскія снарады, ракеты, сістэмы залпавага агню і накіравала вайскоўцаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Расіі.

НАТА яшчэ ў кастрычніку 2024 года пацвердзіла, што паўночнакарэйскія падраздзяленні былі перакінутыя ў Расію і размешчаныя ў Курскай вобласці. Пазней паведамлялася, што там маглі знаходзіцца каля 10‑12 тысяч вайскоўцаў КНДР. Частка з іх, паводле ўкраінскага боку і разведак саюзнікаў, удзельнічала ў баях супраць украінскіх сілаў. Аналіз новага мемарыяла карэйскім вайскоўцам у Пхеньяне дазволіў вылічыць, што 2300 іх загінула.

Асобная лінія дапамогі — боепрыпасы. Паводле ацэнак Open Source Centre, з сярэдзіны 2023 года КНДР магла паставіць у Расію дзясяткі тысяч кантэйнераў з боепрыпасамі — у пераліку гэта могуць быць мільёны артылерыйскіх снарадаў і ракет. 

Удзел паўночнакарэйскіх войскаў Масква аплочвае, і дастаткова дорага.

«Гіпотэза цікавая, але ёсць два моманты»

Старэйшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў лічыць, што сцэнар з перакідкай паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Беларусь тэарэтычна можна абмяркоўваць, але на сёння ён выглядае малаімаверным.

Першая праблема — юрыдычная.

«Калі паўночнакарэйскія войскі размяшчаюцца ў Расіі, на гэта ёсць адпаведная дамова — ваенны саюз паміж Масквой і Пхеньянам. А паміж Мінскам і Паўночнай Карэяй такой дамовы няма. Адпаведна, няма юрыдычнага інструменту, як і чаму гэтыя войскі павінны размяшчацца на беларускай тэрыторыі. Без адпаведнага звароту Лукашэнкі да КНДР гэта немагчыма», — тлумачыць Ніжнікаў.

Ён заўважае, што для Пуціна фармальнасць усё ж мае значэнне, праўда, не як сапраўднае права, а як «фігавы лісток».

«Ён заўсёды будзе шукаць нейкую юрыдычную коску, каб сказаць: глядзіце, права на маім баку. Нават калі гэта выглядае як фігавы лісток», — кажа эксперт.

Другая праблема — практычная. На думку Ніжнікава, Масква цяпер мае патрэбу ў паўночнакарэйскіх вайскоўцах і рэсурсах найперш там, дзе ідзе непасрэдная вайна: у Расіі або на акупаваных тэрыторыях Украіны. Перакідка іх у Беларусь не дае відавочнага ваеннага выйгрышу.

«Калі перакінуць паўночнакарэйскія войскі з тэрыторыі Расіі ў Беларусь, тады нехта павінен заняць іх месца ў Расіі. А ў Масквы няма свабодных войскаў. Для яе цяпер важней пакідаць рэсурсы для асноўных мэтаў — на тэрыторыі Расіі ці акупаванай Украіны», — адзначае Ніжнікаў.

Калі сітуацыя зменіцца, можа змяніцца і логіка Масквы

Пры гэтым эксперт не выключае, што ў іншай фазе вайны разлік можа быць іншым. Напрыклад, калі ў Расіі з’явяцца дадатковыя рэсурсы або калі Масква захоча мацней прывязаць Беларусь да сваёй ваеннай стратэгіі.

«Калі вайна пяройдзе ў іншую фазу і ў Масквы будуць іншыя інтарэсы, іншыя рэсурсы, тады можна будзе глядзець на гэта па-іншаму. Але значна імавернейшы сцэнар — гэта расійскія войскі ў Беларусі», — кажа Ніжнікаў.

Ён звяртае ўвагу і на яшчэ адзін фактар — Кітай. Паглыбленне ваеннага саюзу Масквы і Пхеньяна не абавязкова задавальняе Пекін, які традыцыйна лічыць Паўночную Карэю сваёй зонай уплыву. Таму пашырэнне ролі КНДР у еўрапейскай вайне можа выклікаць дадатковае напружанне і для Кітая.

Беларусь як «чорная дзірка» 

Галоўная небяспека, паводле Ніжнікава, у тым, што Беларусь усё больш выглядае як тэрыторыя, якую Масква можа выкарыстаць у кожны момант — для ваенных, палітычных або гібрыдных аперацый.

«Беларусь становіцца такой чорнай дзіркай. Як яна будзе выкарыстоўвацца для дасягнення ваенных і палітычных мэтаў Масквы — пытанне адкрытае і небяспечнае. І гэта будзе вельмі цяжкім цяжарам для Беларусі і яе будучыні», — кажа эксперт.

Ён мяркуе, што чым даўжэй ідзе вайна, тым менш Расія будзе стрымлівацца. І тым больш імаверна, што Беларусь зноў паспрабуюць выкарыстаць як інструмент ціску — на Украіну, Еўропу або НАТА.

Пры гэтым Масква, на думку Ніжнікава, не хоча прамой вайны з НАТА: рэсурсаў для гэтага ў яе няма. Але яна можа шукаць «шэрую зону» — абмежаваныя атакі, правакацыі, гібрыдныя аперацыі, пасля якіх у краін Захаду не будзе палітычнага кансэнсусу для жорсткага адказу.

«Расія будзе рабіць так, каб гэта не выглядала як абвяшчэнне вайны. І Беларусь тут вельмі карысны інструмент. Лукашэнка сам увесь час паўтарае, што ў яго ёсць «палец на кнопцы», і потым можна будзе сказаць: можа, гэта Лукашэнка зрабіў», — тлумачыць Ніжнікаў.

Чаму Зяленскі цісне менавіта цяпер

Публічны ультыматум Уладзіміра Зяленскага Лукашэнку эксперт разглядае як ваенна-палітычны ціск на рэжым.

«Пытанне не толькі ў рэтранслятарах. Украіна добра разумее, што Беларусь для яе — крыніца пагроз. І не проста крыніца пагроз, а слабы пункт у расійскай ваеннай машыне, на які можна ціснуць», — кажа Ніжнікаў.

Паводле яго, для Кіева гэта можа быць спробай паказаць слабасць Лукашэнкі і прымусіць Маскву ўкладваць больш рэсурсаў у кантроль над Беларуссю, а не ў наступ на Данбасе.

«Калі праз інфармацыйна-палітычны і часткова ваенны ціск удасца расхістаць сітуацыю ў Беларусі, для Украіны гэта будзе сур’ёзным вынікам. Маскве давядзецца ўкладацца ў падтрыманне сітуацыі ў Беларусі, а не ў новыя дывізіі для Данбаса», — адзначае эксперт.

Паведамленне пра тое, што рэтранслятары на беларускай тэрыторыі перасталі працаваць, можа выглядаць як першы вынік гэтага ціску. 

Калаж: Наша Ніва

«Беларусь нельга ўцягнуць у вайну, яна ўжо ў ёй»

Для Кіева Беларусь ужо даўно не з'яўляецца нейтральнай тэрыторыяй.

Сацыёлаг, эксперт Міжнароднага цэнтра супрацьдзеяння расійскай агрэсіі Дзмітрый Грамакоў лічыць, што пытанне пра тое, ці можна «ўцягнуць Беларусь у вайну», увогуле не адпавядае рэчаіснасці.

«Беларусь ужо ёсць у гэтай вайне. З 24 лютага 2022 года яна надала сваю тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны, дала магчымасць наносіць удары па Украіне і ўжо чацвёрты год падтрымлівае расійскую агрэсію. Таму казаць, што нехта можа ўцягнуць Беларусь у вайну, проста нельга», — адзначае ён.

На думку эксперта, сучасная вайна даўно не абмяжоўваецца толькі баявымі дзеяннямі.

«Гэта толькі адна шостая частка сучаснай гібрыднай вайны. Беларусь ужо ваюе разам з Расіяй у іншых вымярэннях — у інфармацыйнай, дыпламатычнай, эканамічнай сферах. Яна не далучаецца да санкцый супраць Расіі, падтрымлівае яе на міжнародных пляцоўках, працягвае супрацоўніцтва, якое дапамагае весці вайну. Таму казаць, што Беларусь знаходзіцца па-за вайной, немагчыма», — кажа Грамакоў.

Менавіта з гэтага, паводле яго, вынікае і цяперашняя рэзкая рыторыка Кіева.

Эксперт звяртае ўвагу, што патрабаванні Уладзіміра Зяленскага датычылі не толькі рэтранслятараў, якія, паводле ўкраінскага боку, выкарыстоўваліся для падтрымкі расійскіх атак беспілотнікаў.

«Словы Зяленскага датычылі таксама паставак паліва Расійскай Федэрацыі і забеспячэння палівам расійскіх акупацыйных войскаў. Хутчэй за ўсё, Мінск або Масква проста выбралі меншае зло, каб захаваць статус-кво. Калі Беларусь гуляе на баку Расіі ў інфармацыйнай, лагістычнай, эканамічнай і іншых сферах, то навошта Маскве цяпер прымушаць Лукашэнку яшчэ і адпраўляць беларускія войскі на фронт? Расіянам гэта пакуль проста не патрэбна», — тлумачыць ён.

«Калі Мінск разумее толькі мову ультыматумаў, з ім будуць размаўляць гэтай мовай»

На пытанне, ці будуць новыя ўльтыматумы з боку Кіева, эксперт адказвае адназначна:

«Так, ультыматумы яшчэ будуць. Калі Мінск не разумее іншай мовы, то з ім будуць размаўляць той мовай, якую ён разумее. Ці будуць гэтыя патрабаванні датычыцца нафтаперапрацоўчых заводаў або іншых прадпрыемстваў? Магчыма. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі прадукцыя гэтых прадпрыемстваў будзе пагражаць бяспецы Украіны і ўплываць на ход баявых дзеянняў».

Уладзімір Зяленскі. Фота: Jonathan Raa / NurPhoto via Getty Images

На думку Грамакова, калі Мінск будзе ігнараваць такія патрабаванні, Украіна не выключае больш жорсткіх дзеянняў.

«Украіне, акрамя сваёй дзяржаўнасці і незалежнасці, губляць ужо няма чаго. Калі нейкая пагроза з боку Беларусі стане рэальнай, будуць выкарыстаныя ўсе даступныя сродкі, каб яе ліквідаваць», — адзначае эксперт.

«Лукашэнка мог убачыць у гісторыі з аўтобусам расійскую правакацыю»

Дзмітрый Грамакоў звяртае ўвагу на яшчэ адну акалічнасць — гісторыю з беларускім аўтобусам, які трапіў пад атаку дрона ў Бранскай вобласці Расіі.

На думку эксперта, Мінск мог не атрымаць ад Масквы поўнай інфармацыі пра гэты інцыдэнт.

«Расіяне нікога не дапусцілі да расследавання, нават сваіх саюзнікаў з Мінска. І менавіта таму Мінск можа лічыць, што гэта была правакацыя саміх расіян», — кажа ён.

Паводле Грамакова, калі гэта сапраўды так, Лукашэнка мог успрыняць здарэнне як спосаб ціску на яго з боку Крамля.

«Лукашэнка разумее, што гэта не правакацыя яго ўступлення ў вайну з боку Украіны, а ціск на яго з боку Расіі. Таму ён асцярожнічае са словамі», — лічыць эксперт.

«Выбачэнні Лукашэнкі нічога не мяняюць»

Каментуючы нядаўнія словы Лукашэнкі, які папрасіў прабачэння перад Зяленскім за свае ранейшыя выказванні, эксперт адзначае: у Кіеве ацэньваюць не словы, а дзеянні.

«Як сказаў прэзідэнт Зяленскі, нам не патрэбныя выбачэнні — нам патрэбныя дзеянні, якія будуць зніжаць нашыя рызыкі. Украіна пасля 2022 года ўспрымае як сігналы толькі канкрэтныя дзеянні. Калі рэтранслятары сапраўды будуць адключаныя і больш не будуць выкарыстоўвацца супраць Украіны, тады гэта можна будзе лічыць нейкім сігналам. Але самі словы нічога не змяняюць».

На думку Грамакова, выбачэнні былі адрасаваныя хутчэй не Кіеву.

«Гэта была хутчэй спроба Лукашэнкі палепшыць уласны імідж перад аўдыторыяй арабскага тэлеканала, якому ён даваў інтэрв'ю. Для Украіны гэта не дыпламатычны крок і не крок да прымірэння».

Эксперт падкрэслівае, што магчымасць новага выкарыстання беларускай тэрыторыі Расіяй у Кіеве разглядаюць як рэальную пагрозу:

«Калі Беларусь стане ўдзельнікам новай агрэсіі, адказ атрымае ўжо сама Беларусь. Мы будзем разглядаць гэта як агрэсію менавіта з боку Беларусі».

Паводле яго слоў, такое ж успрыманне будзе і на міжнародным узроўні: «Украіна сёння адкрыта папярэджвае беларускія ўлады: любы новы акт агрэсіі з іх боку стане падставай для адказу ўжо непасрэдна па Беларусі».

Каментары1

  • Tyuio
    27.06.2026
    Это означает, что лукашенка залез в петлю и поросил выбить табуретку. Мадяр со своими птахами простотликвидируют и его и сынов вместе разом.

Цяпер чытаюць

Ці могуць паўночнакарэйскія войскі прыехаць у Беларусь у выпадку эскалацыі на мяжы з Украінай?1

Ці могуць паўночнакарэйскія войскі прыехаць у Беларусь у выпадку эскалацыі на мяжы з Украінай?

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ крытычна пашкодзілі Цэнтр касмічнай сувязі ў Гусі-Хрустальным за Масквою7

У Пекіне самалёт урэзаўся ў самы высокі хмарачос1

Выправіліся ў дарогу першыя пілігрымкі на Будслаўскі фэст

Андрэй Сібіга: Украіна будзе прымаць люстраныя меры ў адказ на дзеянні Мінска9

Журналісту Кірылу Пазняку і ягонай дачцэ далі турэмныя тэрміны

Ціханоўская зайшла па шаўрму да гданьскіх беларусаў ФОТЫ13

У Барселоне збіраюцца абкласці вялікімі зборамі круізных турыстаў

Беларуска не паверыла інтэрнэту і пацягнулася ў Крым33

Лукашэнка паляцеў у Расію да Пуціна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці могуць паўночнакарэйскія войскі прыехаць у Беларусь у выпадку эскалацыі на мяжы з Украінай?1

Ці могуць паўночнакарэйскія войскі прыехаць у Беларусь у выпадку эскалацыі на мяжы з Украінай?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць